Вечна зялёная Ветка
Імя незвычайнае, рэдкае
Ў цябе нязменнае, Ветка.
У абдымках ракі і пожань
Будзеш ты маладой і прыгожай.
Дзмітрый Кавалёў
Літаратурны герб
Герб горада Веткі і Веткаўскага раёна ўяўляе сабой чырвоны шчыт, а на ім – лацінская літара “w”. Мы ўжо ведаем, што герб – гэта пэўны сімвал гісторыі дадзенага краю. Дык пра што ж апавядае нам веткаўскі герб? Чырвоны колер, відаць, нагадвае пра барацьбу і пакуты, якія выпалі на долю веткаўцаў. Сваё паселішча тут, каля берагоў Сожа, заснавалі стараверы – бежанцы з цэнтральных раёнаў Расіі. Іх двойчы сілай высялялі адсюль. Усе войны, рэвалюцыя, Чарнобыль – цяжкія выпрабаванні для мясцовых людзей. Дык вось вам і чырвоны колер, колер крыві на гістарычным гербе Веткі. А што азначае лацінская літара “w”? Ёсць меркаванне, што гэта элемент герба “Абаданк”, якім карысталіся даўнейшыя ўладары мясцовых земляў паны Халецкія. З літары “В” пачынаюцца словы “вечнасць”, “вера”, “воля”. З усімі доказамі можна пагадзіцца. Мне ж хочацца верыць, што “w” на гербе якраз і падказвае, з якой літары пачынаецца Ветка, па-лацінску Wetka. А вось чаму раённы цэнтр на Гомельшчыне носіць назву Ветка, я пакідаю для роздуму кемлівым і дапытлівым ды тым, хто збіраецца ў вандроўку па гэтай чароўнай зямлі.
Яго ведае ўвесь свет
Калі будзеце ў Гомелі, вам абавязкова пакажуць бронзавы бюст Андрэя Андрэевіча Грамыкі. Прозвішча яго гучнае. І зямное жыццё яго – доўгае, прыкметнае, плённае. Нарадзіўся Андрэй Грамыка ў Веткаўскім раёне, у вёсцы Старыя Грамыкі, каля ракі Бесядзь. Прыгожыя краявіды адкрываліся з вокнаў бацькоўскай хаты. Але любавацца навакольным прыгоствамі не было калі. Падлеткам Андрэй ужо хадзіў з бацькам у заробкі. Меў мазольныя рукі і вельмі хацеў вучыцца. А таму, хто хоча вучыцца, лёгка і дапамагаць. Уяўляеце, бедны вясковы хлопец з палескай вёскі пасля мясцовай школы паступіў і выдатна закончыў у Мінску эканамічны інстытут. Адразу абараніў вучоную ступень кандыдата навук. І яго запрасілі працаваць у Маскву. Вось так узлётна пачалася працоўная біяграфія Андрэя Андрэевіча Грамыкі. Пра сваё жыццё ён напісаў дзве кнігі ўспамінаў “Памятнае”. Можа, вам калі-небудзь захочацца іх узяць і пачытаць. Вы даведаецеся, як наш зямляк стаў паслом СССР у Злучаных Штатах Амерыкі ў той час, калі ішла Вялікая Айчынная вайна. Менавіта ён, беларускі дыпламат, ад імя Савецкага Саюза падпісаў дакументы аб стварэнні Арганізацыі Аб’яднаных Нацый і быў пастаянным прадстаўніком у ёй ад нашай краіны. Андрэя Андрэевіча ведае ўвесь свет як міністра замежных спраў СССР. На гэтай пасадзе ён быў амаль трыццаць гадоў. Жыццёвы подзвіг слыннага палітыка і таленавітага дзяржаўнага дзеяча Андрэя Андрэевіча Грамыкі двойчы адзначаны званнем Герой Сацыялістычнай Працы. Затрымайцеся каля бронзавага бюста знакамітага веткаўца ў Гомелі ды задумайцеся і пра сябе.
Музей умелым рукам
У Ветцы, як і ў Маскве, ёсць Чырвоная плошча. Каля яе стаіць дом старажытнай архітэктуры. А ў ім – “Веткаўскі дзяржаўны музей народнай творчасці”. Тут сабраны творы мастацтва, умельства, рамяства. Некаторыя экспанаты, а іх некалькі тысяч, маюць глыбокую гісторыю. У музеі можна ўбачыць “Біблію” ў скураным пераплёце са спражкамі, кнігу “Златавуст”, даўжыня якой – трыццаць пяць сантыметраў, а шырыня – дваццаць адзін. Тут захоўваецца рэліквія 1569 года – “Евангелле”, выпушчанае Іванам Фёдаравым і Пятром Мсціслаўцам. Вядомы толькі сямнаццаць экземпляраў гэтай кнігі. Адзін з іх – у Ветцы. Веткаўцы ўмелі пісаць іконы. У музеі сабрана іх рэдкая калекцыя. Не спяшайцеся пакінуць гэту залу. Паўзірайцеся ў вобразы святых ды падумайце, ці правільна вы паводзіце сябе з бацькамі, у школе, на вуліцы. Ляхавiчы таксама адрознiваюцца людскiмi талентамi. Але iконы там нiхто не пicaў. Умелі веткаўцы вырабляць ручнікі. Прыдумлялі для іх самыя розныя арнаменты, узоры. Сабраныя экспанаты вабяць сваімі фарбамі, фантазіяй майстроў. Не адарваць ад іх вачэй! Энтузіястам па збору рэдкіх рэчаў, ініцыятарам стварэння музея народнай творчасці быў нястомны краязнавец Фёдар Рыгоравіч Шкляраў. Яго словы ўпрыгожваюць музей: “Ветка – маё жыццё, любоў мая, радзіма”. Кожны чалавек – гэта кніга Здаецца, нідзе не сустракаў такіх дзівосных прозвішчаў, як у Веткаўскім раёне. Я ведаў, што веткаўскія майстры даўней вельмі славіліся. Яны валодалі рамяством разьбяра па дрэве, чырванадрэўшчыка, залацільшчыка, чаканшчыка. Тутэйшых самародкаў запрашалі будаваць і ўпрыгожваць саборы, манастыры, багатыя дамы ў Кіеве, Маскве, Пецярбургу. Сучасныя веткаўцы носяць і такая прозвішчы: Дубадзелаў, Крупадзёраў, Бліннікаў, Бублікаў, Тачылаў, Шорнікаў, Кучараў, Рыбачкін. Чым яны займаліся , што ўмелі рабіць, кім і дзе працавалі? Шмат загадкавага закладзена ў прозвішчах Беланожка, Палубабін, Сынкоў, Мамачкін, Грошыкаў, Бескаравайны, Сінягрыбаў, Сярчаеў, Беспразванны, Дзеньдобры. Ёсць тут Багажка, Нішчанка і Падабедаў. Суседнічаюць Басякоў, Дзівакоў і Двужылаў. У цырульню ходзяць Касмачоў, Чубкавец і Чарнавусаў. На адной вуліцы могуць спаткацца Пісьменнікаў, Разумаў і Прыгожанка. Мне асабіста чамусьці хочацца ўбачыць людзей з прозвішчамі Удовін, Марфуткін, Дзіцяцьеў, Адзіночкін, Казюлькін, Хадунькоў, Невядомы. Цікава, які іхні радавод, як ім жывецца ў сучаснай яве? Давайце паверым, што кожны чалавек – гэта цэлая касмічная планета, гэта асобная кніга.
Дамашнія заданні
- З якімі раёнамі Беларусі і Расіі суседнічае Веткаўскі раён?
- Чаму жыхары многіх вёсак Веткаўскага раёна вымушаны былі перасяліцца пасля аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі? Якія з гэтых вёсак можаце назваць?
- Веткаўская зямля – радзіма генералаў Віктара Грамыкі, Якава Леўшукова, Івана Магонава, Якава Савіна, Дзмітрыя Скарабагатава. Двойчы ў Ветцы бываў (у 1764 і 1772 гадах) кіраўнік сялянскага паўстання ў Расіі Емяльян Пугачоў. Адсюль пачаўся працоўны шлях вядомай жанчыны нашай рэспублікі, намесніка старшыні Савета Міністраў Беларусі. Разгадаўшы рэбус, даведаецеся яе прозвішча.
Уладзімір Ліпскі