«Вясёлкавы карагод» на Барысаўшчыне
2011 год азнаменаваны 100 – гадовым юбілеем беларускага пісьменніка, казачніка, заснавальніка лепшага беларускага дзіцячага часопіса ”Вясёлка” — Васіля Віткі.У бібліятэках Барысаўшчыны, у рамках праекта “Далучыць да роднага слова”, на працягу года праходзіць фестываль “Вясёлкавы карагод”, прысвечаны юбілею вернага Сябра дзяцей, які вучыў шчыра любіць сваю Айчыну і сваю мову. У рамках фестывалю ў бібліятэках ладзяцца літаратурна-музычныя імпрэзы, літаратурныя турніры, паэтычныя святы, прысвечаныя творчасці Васіля Віткі, а таксама творчасці сённяшніх вясёлкаўцаў: У.Ліпскага, М.Маляўкі, А.Зэкава, М.Чарняўскага і іншых пісьменнікаў, што пішуць для дзяцей.
Цудоўнае літаратурнае свята адбылося у гарадской дзіцячай бібліятэцы №3 пад назвай “І не знікаць паэтам вечна, у вечнай песні жывучы…”.Бібліятэкар Алена Прадзядовіч падрыхтавала змястоўную слайд-прэзентацыю “Сеяў сонцам свой палетак”, прысвечаную жыццёваму і творчаму шляху Васіля Віткі. Па ходу прэзентацыі юныя чытачы разам з бібліятэкарам “збіралі” пацеркі з яго вершаў, казак, загадак, лічылак у сімвалічную скарбонку, якая напаўнялася па меры выступлення ўдзельнікаў.Эпагеем свята стаў конкурс-баль “Міс Вясёлка”, падчас якога дванаццаць дзяўчынак прадстаўлялі 12 месяцаў года: чыталі вершы на роднай мове, спявалі, і нават, танчылі.Тытул “Міс Вясёлка” быў вызначаны прысутнымі на свяце гасцямі, ёй стала Яначкіна Аліна, вучаніца 4”Б” класа ДУА СШ № 23.Завяршылася мерапрыемства вершам пра родную мову і гэта не выпадкова, бо менавіта далучэнне дзяцей з самага малодшага ўзросту да роднай мовы пісьменнік лічыў асноўнай мэтай сваёй творчасці.
Не менш цікавае мерапрыемства — літаратурна-музычная кампазіцыя “Чарадзейная краіна Васіля Віткі” адбылася ў сельскай бібліятэцы в.Чарневічы. У выкананні юных чытачоў і удзельнікаў драматычнага гуртка “Ліцэдзеі” пад кіраўніцтвам бібліятэкара Святланы Івановай, гучалі пранікнёныя словы аб Радзіме, расповяд пра творчасць славутага юбіляра, інсцэніроўкі, загадкі, песні, гульні. Быў тут і Вася Вясёлкін, талісман часопіса “Вясёлка”, і іншыя героі беларускіх дзіцячых кніг. Юбілейнае свята доўжылася каля двух гадзін, было яркім і захапляючым. Дзеці ўпэўнена трымаліся на сцэне, уражвалі добрай беларускай мовай і выклікалі павагу і задавальненне ва усіх прысутных.
Фестывальныя мерапрыемствы прайшлі таксама ў сельскай бібліятэцы в.Траянаўка, гарадской бібліятэцы №6,бібліятэцы аграгарадка Лошніца і інтэгрыраванай бібліятэцы в.Хаўхоліца.
У Цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы імя А.Гайдара падчас штогодняй акцыі “Шчасце быць чытачом” першакласнікаў, якія ўрачыста пасвячаліся ў чытачы бібліятэкі, вітаў разам з іншымі літаратурнымі героямі, Вася Вясёлкін. Ён знаёміў іх з часопісам “Вясёлка”, расказваў ім пра яго заснавальніка Васіля Вітку. На адну з сустрэч са школьнікамі завітала мясцовая паэтка Лёля Багдановіч, якая актыўна супрацоўнічае з часопісам “Вясёлка”.
Фестываль «Вясёлкавы карагод» на Барысаўшчыне будзе доўжыцца да снежня бягучага года.
Людміла Захарэвіч