Святло з храма
Жыў у адной вёсцы багацей. Прыйшоў раз да яго бядняк папрасіць грошай.
– Бачыш сажалку? – сказаў багач. – Правядзі ноч у ёй, дам табе дваццаць рупій.
Холадна было бедняку стаяць усю ноч у вадзе, але ён вытрымаў.
Багач здзівіўся:
– Няўжо табе ніхто не дапамагаў?
– Хто мне мог дапамагчы? – адказаў бядняк. – Толькі ў дальнім храме гарэла лампада. Я і глядзеў на яе.
– А, дык табе лампада дапамагала! – усклікнуў багач. – Не дам грошай…
Бядняк пайшоў дамоў. Па дарозе яго сустрэла ліса і спытала, чаму ён такі сумны. Бядняк расказаў, што здарылася. Ліса запэўніла, што дапаможа яму, няшчаснаму, толькі трэба сабраць старэйшын – паважаных усімі людзей.
Старэйшыны сабраліся. Ліса папрасіла, каб на два вялізныя, пад неба, шасты падвесілі кацялок з рысам, а ўнізе, на зямлі, агонь расклалі. Старэйшыны здзівіліся: рыс так не зварыцца, кацялок не прагрэецца. Тады ліса сказала:
– Рыс не зварыцца, калі агонь далёка. Так і лампада на адлегласці не магла сагрэць бедняка. Ідзіце да багача, няхай ён аддасць грошы.
Прыйшлося хітраму багацею аддаць абяцаныя дваццаць рупій.
Індыйская народная казка