Мілана
Улетку да нашых суседзяў прыязджаюць унукі Мілана і Данілка. Забягаюць яны і да нас.
– Дзень добры! Мы прыйшлі паздароўкацца, – важна прамаўляе Данік.
– Здластайце! – картава вітаецца Мілана. – Ці можна пагладзіць клолікаў?
– Канешне, можна, – адказваю я.
Дзеці асцярожна падыходзяць да трусіных клетак. Данік адкідвае драцяное вечка, спрытна апускае руку ўніз, дзе сядзіць рудавата-шэры трус. Ён асабліва любіць, калі казычуць між вушэй. Ад задавальнення аж спінку выгінае.
У суседняй клетцы стаілася труска. Побач – сямёра трусянят, таксама рудавата-шэрых. І толькі адно светла-шэрае, не падобнае на іншых. Яно дужа падабаецца Мілане.
Першым гладзіць трусянят Данік. Спрабуе дацягнуцца да малых і Мілана, але не дастае. Тады Данік падымае сястрычку, і яна нібы прыліпае да клеткі: не можа адарвацца, пакуль не пагладзіць кожнага трусіка.
Нарэшце дзеці нацешыліся.
– Колькі табе гадкоў, Мілана? – пытаю я. – Чатыры ёсць?
– Не, болей, чым чатылы.
– Ого, вялікая!
– Я тлохі ўмею чытаць і лічыць.
– А ці чула ты, Мілана, такі вершык:
Цік-так ходзікі,
Мне чатыры годзікі.
Чуб вясёлы, светларусы.
Тата з мамай – беларусы!
– Не, не чула.
– А хочаш ведаць напамяць?
– Хачу.
Я некалькі разоў паўтарыў гэты просценькі вершык і пытаю:
– Запомніла, Міланка? Цяпер давай разам.
Але дзяўчынка маўчыць, сарамліва апусціўшы вочы.
– А я запомніў! – Данілка прачытаў без запінкі. – У мяне па беларускай мове дзявяткі ды дзясяткі. А некаторыя вучні не вучаць беларускія словы. Мой тата – шафёр-дальнабойшчык. Усю Еўропу праехаў. Дык ён кажа: “Гэта нядобра, што ў сталіцы Беларусі людзі не гавораць па-беларуску”.
Братавы словы, мабыць, падбадзёрылі Мілану, і, ужо адыходзячы, каля веснічак, яна прачытала вершык.
– Тата з мамай – беларусы!.. – гучаў, нібы званочак, вясёлы галасок Міланы.
Леанід Левановіч