Сарокі і кот
Уладзімір Шулякоўскі
Сарокі і кот
У гарадскім скверы растуць каштаны, клёны, бярозы, плакучыя вербы. Для птушак у скверы – рай. Пачуваюць сябе гаспадынямі тут і сарокі: яны змайстравалі гнёзды на самых высокіх дрэвах.
Выдаўся ціхі сонечны дзень. Я сядзеў на лавачцы ў скверы і назіраў за незвычайнай гульнёй.
Каля кветніка павольна шпацыраваў вялікі пушысты кот. А за ім, стракочучы, скакалі дзве маладыя сарокі: адна – збоку, другая – крыху прыадстаўшы. Кот не звяртаў на іх увагі ці, можа, рабіў выгляд, што яны яго не цікавяць. Калі сарокі набліжаліся занадта блізка, ён ляніва паварочваў галаву, і птушкі імгненна адскоквалі назад.
Хвілін з дзесяць сарокі даймалі ката. Асабліва старалася адна, больш нахабная. Нарэшце яна зусім асмялела, падскочыла і дзеўбанула ката ў хвост. Змірыцца з такой знявагай кот не змог. Спрытна, як акрабат, крутнуўся ў паветры – і сарока забілася ў яго кіпцюрах. Цяпер для птушкі гэта была ўжо не гульня, а барацьба за жыццё. Забіўшы крыламі, яна рванулася з апошніх сіл і праз некалькі імгненняў апынулася на каштане. Толькі чорнае пер’е ад хваста засталося на зямлі.
Усё адбылося так нечакана і хутка, што я не паспеў умяшацца ў іх гульню-барацьбу. А кот спакойна, нібыта нічога не здарылася, прайшоў паўз мяне і знік у кустах.