Ганарлівая елачка
Расла ў лесе елачка. Стаяла асобна, бо занадта ганарлівая была.
Іншыя дрэвы і сапраўды зайздросцілі ёй. Асабліва восенню, калі з клёнаў, бярозак ды асінак ападала лістота. Як непрывабна выглядалі яны тады на фоне сваёй вечназялёнай сяброўкі!
Дрэвы любаваліся футрам елачкі і ўлетку. Аднак тады яны і самі былі ў зялёных абновах, таму яе прыгажосць не так вабна кідалася ў вочы. Не тое, што зімой, калі іншыя дрэвы стаялі распранутымі.
Прыкмеціў прыгажуню і чалавек, ад чаго тая яшчэ вышэй задзёрла нос.
Хіба ж ведала елачка, што неўзабаве, якраз пад Новы год, чалавек завітае ў лес з сякерай, і на яе месцы застанецца толькі прыцярушаны снегам пянёк. Сама ж елачка пераселіцца ў гарадскую кватэру, дзе будзе стаяць, упрыгожаная рознакаляровымі шарыкамі і цацкамі, увешаная гірляндамі яркіх лямпачак-ліхтарыкаў.
Але доўжылася свята толькі два тыдні. Затым з елачкі знялі ўсю аздобу, вынеслі з кватэры. Дзе яна апынулася далей, ніхто не ведае.
А дрэўцы ў лесе растуць, як раслі і дагэтуль: з вясны да восені шумяць лістотай. Часам згадваюць сваю ганарлівую сяброўку, праўда, цяпер ужо без аніякай зайздрасці. Не заўсёды, аказваецца, прыгажосць — шчасце.
Анатоль Зэкаў
очень мне помогло потомучто этот рассказ контроольная работа
спс
Спасибо большое очень помогли у меня контрольное изложение