Крышку пра кніжку
“Маладзічок” гэты – не той, што ў начным небе срэбным сярпочкам свеціцца, а кніга, якую выпусціла ў свет выдавецтва “Мастацкая літаратура”.
Зборнік складаецца з дванаццаці раздзелаў, і яны маюць назвы ўсіх месяцаў года. На пачатку кожнага раздзела, прысвечанага пэўнаму месяцу, коратка расказваецца пра яго адметныя рысы, народныя, рэлігійныя, дзяржаўныя святы. Яшчэ ў зборніку, нібы ў чароўным куфэрку, сабрана мноства твораў самых розных жанраў: вершы, апавяданні, казкі, інсцэніроўкі, загадкі, скорагаворкі, лічылкі, пацешкі, заклічкі, прыказкі і прымаўкі. Узяўшы ў рукі “Маладзічок”, вы трапіце ў дзівосны свет дзіцячых гульняў і забаў, зможаце развучыць жартоўныя песенькі і прыпеўкі, па народных прыкметах навучыцеся распазнаваць таямніцы прыродных з’яў, вызначаць надвор’е.
Пад вокладкай “Маладзічка” змешчаны творы цэлага сузор’я знакамітых паэтаў і празаікаў. Сярод іх – Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Васіль Вітка, Пімен Панчанка, Сяргей Грахоўскі, Эдзі Агняцвет, Станіслаў Шушкевіч, Паўлюк Прануза, Іван Муравейка, Уладзімір Ліпскі, Анатоль Клышка, Ніна Галіноўская, Казімір Камейша, Мікола Чарняўскі, Уладзімір Мацвеенка…
Кніга адрасавана не толькі вам, юным чытачам, але і вашым бацькам, настаўнікам, бібліятэкарам, выхавальнікам дзіцячых садкоў.
Рупліва пашчыравалі над укладаннем і каляровай аздобай “Маладзічка” педагог Тамара Фаменка і мастак Андрэй Пазняк.
Мікола Сівец