Човен
Алесь Зайка
Казка «Човен»
Жыў-быў на рэчцы Човен. Хаткай яму была ціхая затока, дзе на беразе расла Вярба. Каб вецер не адарваў Чоўна ад берага, стары Рыбак прывязваў яго. А
досвіткам прыходзіў, і яны разам выпраўляліся лавіць рыбу. Рыбак закідваў вуды і цікаваў за паплаўкамі, а Човен глядзеў, як узыходзіць Сонца.
Спачатку неба на ўсходзе ружавела, потым разгаралася ярчэй, і ўрэшце Сонца выглядвала з-за хмаркі. Яго пяшчотныя праменні лашчылі Човен, і ён драмаў, злёгку гойдаючыся на хвалях.
У высокае Сонца яны вярталіся ў ціхую затоку да зялёнай Вярбы. Рыбак прывязваў Човен, а сам з рыбай знікаў за стромым берагам.
Човен быў малады, наўрымсны, і яму хутка надакучыла такое жыццё. Ён гайдаўся на хвалях і скардзіўся Вярбе:
– Цётачка Вярба, ну, што за жыццё? Стой, прывязаны, ды слухай, як крумкаюць гэтыя агідныя лупатыя квакшы. Эх, каб я быў Цеплаход! – уздыхнуў ён. – Плыві сабе, куды ўздумаеш, глядзі, што захочаш.
Нічога не гаварыла зялёная Вярба, толькі махала галінкамі.
Аднойчы Рыбак спяшаўся і забыўся прывязаць Човен той узрадаваўся, з усяе сілы адштурхнуўся ад берага і паплыў.
– Да пабачэння, цётачка Вярба!
Плынь падхапіла яго і панесла па рацэ.
Хутка Човен асвойтаўся, пасмялеў, аглядзеўся. Спачатку зірнуў направа: на шырокім заліўным лузе раслі кветкі, якіх ён ніколі раней не бачыў. Нічога не ведаў Човен і пра жывёлін, якія працяжна віталі яго гукамі “му-у-у”. А з высокага левага берага махаў доўгімі рукамі-крыламі Вятрак:
– Чаму адзін? Дзе твой Гаспадар?
– Я сам гуляю, дзядзька Вятрак.
І яшчэ штосьці хацеў сказаць Човен, але вельмі балюча стукнуўся аб нешта вялікае і чорнае.
– Асцярожней, Човен, гэта я, цётка Баржа. Вязу вугаль людзям. А што робіш ты, адзін, без Капітана?
– Я гуляю, цётка Баржа…
Човен хацеў пагаварыць з добрай Баржай, але плынь імкліва несла яго наперад. Прытаміўся, захацеў прыстаць да берага, каб адпачыць, але рака моцна трымала ў палоне.
А тут і Сонца пайшло на спачын.
Замаркоціўся Човен, успомніў сваю ціхую затоку, зялёную цётку Вярбу і гаспадара – старога Рыбака. І заплакаў.
Доўга плакаў, аж пакуль не заснуў. І сніўся Чоўну стары Рыбак, ласкавае Сонца і мудрая Вярба.
А раніцай прачнуўся і ўбачыў, што трапіў у брудную затоку. І толькі жабы кракталі-рагаталі з неразумнага Чоўна.