Талісману сям’і Кастуся Марозава споўнілася 93 гады!
У нашай сям’і талісманам служыць заручальны пярсцёнак майго прапрадзядулі Міхася Аляксандравіча Пашкевіча. Пярсцёнак мае салідны ўзрост – яму 93 гады. Гэты талісман перайшоў да маёй бабулі Людмілы ад яе бацькі, а зараз яна перадала яго маёй матулі Юлі. Гісторыя кахання майго прапрадзядулі Міхася і яго жонкі Сцепаніды таксама перадаецца з пакалення ў пакаленне ў нашай сям’і. У далёкім 1917 годзе мой прапрадзядуля Міхась, вясковы юнак з Барысаўшчыны, адправіўся ў далёкі Петраград, каб служыць на флоце. Там сустрэўся са сваёй будучай жонкай Сцепанідай, якая служыла ў багатых людзей нянькай. Там жа яны абраліся шлюбам, у іх нарадзіўся першы сын Георгій. Але ў 20-х гадах ім прыйшлося вярнуцца на радзіму, дзе ў іх нарадзілася яшчэ трое дзяцей. На жаль, прапрабабуля Сцепаніда пражыла нядоўгі век, усяго 46 год, але ў знак памяці пра яе, прапрадзядуля Міхась больш не ўступаў у шлюб і збярог свой заручальны пярсцёнак для нашчадкаў. Дарослыя члены маёй сям’і вельмі паважаюць наш сямейны талісман і вераць, што ён аберагае наш род ад усялякіх непрыемнасцей. Мне пакуль што не даюць часта з ім забаўляцца, але спадзяюся, што калі я вырасту, то таксама буду свята берагчы заручальны пярсцёнак – сямейную рэліквію. Пакуль жа мне дазволена “прыбірацца” ў летнюю панамку, якую насілі мой дзядзька Лявон і мая матуля Юля, а ўзрост яе таксама не малы- 45 год!
Кастусь Марозаў і яго бабуля Людміла Захарэвіч
Конкурс «Сямейны талісман»
Вельмі цікава і талісман цудоўны!
А хлопчык? Нічога сабе такі)))
История и правда интересная)