Чароўныя санкі
Нагуляўшыся, заснуў хлопчык, і прысніўся яму дзіўны сон.
Тата ўзяў санкі, і яны пайшлі на вуліцу. Разагнаў тата яго на саначках і адпусціў вяровачку. Толькі крыкнуў наўздагон: “Едзь, сынок, не бойся! Гэтыя санкі чароўныя: пакатаюць цябе і назад прывязуць”.
Доўга ехаў хлопчык, пераганяючы машыны, аж пакуль за горад не выехаў. Павярнулі санкі з дарогі ў лес. Каля вялікай елкі спыніліся.
Вылез хлопчык з санак, начапіў вяровачку на сук, каб не ўцяклі. А з дрэва вавёрка саскочыла і арэшак падае. Паспрабаваў раскусіць, ды не паддаецца – цвёрды! І паклаў арэшак у кішэню куртачкі: дома тата расколе. Вавёрку пачаставаў цукеркай-ірыскай, якая ў другой кішэні ляжала.
Паклікала вавёрка сваіх дзетак – ваверчанят маленькіх. З’елі яны цукерку і запрасілі хлопчыка разам пагуляць. Набегаліся, наскакаліся, у снезе выкачаліся. Ваверчаняты затым жвава на дрэва ўзляцелі, а хлопчык унізе застаўся. Не мог ён так спрытна скакаць па галінах, як ваверчаняты.
І паехаў хлопчык далей. Спыніўся каля кустоў, з-за якіх зайчаняткі выскачылі. Пачалі яны ў даганялкі гуляць. Даганяў іх хлопчык, даганяў, але так і не дагнаў – хутка зайчаняткі скачуць!
Вось санкі спыніліся каля сумёта. Сумёт заварушыўся, і з яго выбраўся мядзведзь. Ды як зараве на хлопчыка: “Ездзяць тут па лесе, спаць перашкаджаюць!” Спалохаўся хлопчык, скокнуў у санкі – і далей ад касалапага равуна.
Выехалі санкі з лесу ў горад, каля свайго пад’езда спыніліся. А там тата стаіць, у руцэ шакаладныя цукеркі трымае. “ Я, – кажа, – пакуль цябе санкі каталі, зазірнуў у магазін і купіў гэтыя ласункі. Пайшлі дадому, а то нас мама зачакалася! Ды і санкі стаміліся…”
Прачнуўся раніцай хлопчык і ніяк не мог разабрацца, што ўчора было, а што сёння, што ў сне бачыў, а што наяве адбылося.
Юрась Нераток