Хітры Вол (сцэнарый)
Паводле беларускай народнай казкі
Дзейныя асобы:
Гаспадар, Вол, Воўк.
На сцэне, прыбранай пад луг, стаіць Гаспадар. Глядзіць на сонца ў небе, на траву вакол сябе.
Гаспадар /уздыхае/. Сена пара касіць, а тут якраз хвароба прыкінулася. Чым я вала буду зімою карміць? Пайду лячыцца. /Сыходзіць./
З другога боку сцэны выходзіць Вол з касою і вядром вады.
Вол /сам сабе/. Бяда, Гаспадар захварэў! Ды нічога: я сам за пагодаю сена накашу, высушу, стог скідаю. /Пачынае касіць./
На сцэну выбягае Воўк.
Воўк /глытаючы сліну/. Ты вол?
Вол. Вол.
Воўк. Сена косіш?
Вол. Кашу.
Вол. Грабу.
Воўк. Хвастом падграбаеш?
Вол. Падграбаю.
Воўк. А мяне ты не баішся? – Кляцае зубамі і вые, палохаючы: – У-у-у!..
Вол /наставіўшы рогі/. Я не толькі цябе, а і двух такіх не баюся!
Паверыў Воўк і пабег шукаць сабе падмогу. Вол косіць, стараецца. З другога боку сцэны выходзіць Воўк з двума сваімі братамі.
Воўк /пацвельваецца/. Ты вол?
Вол. Вол.
Вол. Кашу.
Воўк. Рагамі грабеш?
Вол. Грабу.
Воўк. Хвастом падграбаеш?
Вол. Падграбаю.
Воўк /паказвае на братоў/. А трох нас ты баішся?
Вол /наставіўшы рогі, хітрыць, як і раней/. Не толькі трох, а і чатырох не баюся…
Паверылі ваўкі і пабеглі шукаць сабе большую падмогу. Вол тым часам сена дасушыў, у стог зграбае.
Вол /уздыхае з палёгкаю/. Ну, вось і стог нарэшце скідаў! Нарабіўся за дзень, сасмяг. /Падымае вядро, п’е, разліваючы, узахлёб/. Пайду паціху ў свой двор, час і адпачыць. /Сыходзіць./
На сцэну выбягае цэлая чарада ваўкоў.
Воўк /здзіўлена/. А дзе ж Вол? Стог стаіць, а касца няма. /Падыходзіць да стога./ Можа, тут, у стозе, схаваўся?
Ваўкі раскідваюць стог. Расчараваныя, выюць злосна: “У-у-у!..”
Воўк /прыглядаецца да свежай пакошы/. Во, бачыце, след! Пабяжым па следзе, дагонім. Нідзе ён, Вол, не дзенецца, наш будзе.
Ваўкі знікаюць. Нейкі час за сцэнаю чуваць іх тупат. Потым яны зноў выбягаюць на сцэну, глухая сцяна якой размалявана пад агароджу з частаколу.
Воўк /радасна/. Во дзе Вол схаваўся! У двары сваім, за высокім частаколам.
Ваўкі круцяцца пад частаколам, скачуць, а да Вала дабрацца не могуць.
Вол /з-за частаколу/. Выйце зараз ад злосці, дурні галодныя.
Воўк /кляцае зубамі/. Ты, Вол, схітрыў.
Вол. Схітрыў ці не схітрыў, а сена за пагодаю накасіў.
Воўк /вые/. У-у-у!.. Ты, баязлівец, схітрыў!.. У-у-у!..
Вол. Схітрыў ці не схітрыў, а шкура цэлая засталася.
Тут і астатнія ваўкі завылі. На сцэну выбягае Гаспадар са стрэльбаю ў руках.
Гаспадар /грозна/. Ах вы, злыдні! Мала вам зайцоў у лесе, дык па майго вала прыбеглі. Прэч адсюль! Каб і духу вашага тут не было, валацугі шэрыя! /Страляе ўгору./
Ваўкі, падцяўшы хвасты, уцякаюць са сцэны.
Аўтар інсцэніроўкі Мікола Маляўка.