Дзядзечка Ягуар і дзядзечка Трусік
Бедны дзядзечка Ягуар ляжаў пад мангавым дрэвам і залізваў лапы, якія параніў Дзікабраз. Ягуар хацеў злавіць Трусіка, але той зразумеў, што нездарма яго спакушаюць бананавай гронкай. І замест сябе паслаў Дзікабраза, які пусціў у ход свае іголкі.
Тут над Ягуарам праляцеў Ястраб. Заўважыў пакуты драпежніка і прапанаваў дапамагчы злавіць хітрага Трусіка. За гэта Ягуар павінен аддаць яму частку ўпаляванай здабычы.
Ягуар згадзіўся.
– Тады уважліва слухай, – сказаў далей Ястраб. – Ідзі на рэчку, туды, дзе заканчваюцца зараснікі мангавых і бананавых дрэў. Там закапаны гаршчок жаданняў. Знойдзеш яго – зможаш усё.
Ястраб паляцеў далей, а Ягуар натачыў свае вялікія кіпцюры і пабег на пошукі.
Пачула тую размову Ігуана і перадала яе дзядзечку Трусіку. Той памчаўся да рэчкі, апярэдзіўшы Ягуара. На беразе, дзе быў закапаны гаршчок жаданняў, сядзеў Скунс і не хацеў нікуды сыходзіць. Тады дзядзечка Трусік сказаў яму:
– Сюды бяжыць Ягуар, ён з’есць усіх, хто трапіцца яму на вочы. Ты адзіны зможаш нас выратаваць.
Калі Ягуар прыбег на запаветнае месца, яго сустрэў Скунс. Ён выпусціў насустрач такі мярзотны пах, што Ягуар не вытрымаў і кінуўся ў рэчку. Дзядзечка Трусік выкапаў гаршчок жаданняў і папрасіў, каб той заўсёды прыносіў яму моркву, а ў сезон дажджоў – садавіну. А паколькі ён быў вельмі добры і высакародны, то дзяліўся пасля ўсім гэтым багаццем з сябрамі.
Антоніа Араіс
Пераклала Маргарыта Прохар