Венесуэльскія ўборы
Лікі-лікі – традыцыйны венесуэльскі касцюм. Мужчыны звычайна насілі белую кашулю шырокага крою, з круглым выразам. Для зручнасці на яе нашывалі чатыры кішэні і зашпільвалі на 5-6 гузікаў. Штаны светлыя, з натуральных тканін. Каб захінуцца ад халоднага ветру, выкарыстоўвалі кароткую накідку. Бараніцца ад пякучага сонца дапамагаў плецены з саломы альбо з травы путэ – капялюш-самбрэра. На нагах прыгожа глядзеўся альпаргатас – плецены лёгкі абутак з бавоўны, ворсу, парусіны. Падэшву выраблялі з вяровак, скуры, пянькі, прымацоўвалі стужкамі. Жанчыны і дзяўчаты ўпадабалі шырокія доўгія сукенкі. Часам на самбрэра накідваюць хустку. Уся вопратка – яркіх каляровых адценняў, асабліва любяць венесуэльцы чырвоны колер.