Венесуэльская народная мудрасць
Да ўсяго трэба рыхтавацца
Дзве закаханыя пары, Караліна з Хуанам і Дайана з Сімонам, не маглі дачакацца вялікага свята. Кожная пара хацела быць на гэтым свяце найпрыгажэйшай і станчыць харапо – любімы танец венесуэльцаў. Караліна і Хуан меркавалі: яны – маладыя, моцныя і прыгожыя, таму абавязкова будуць найлепшымі, і да свята нават не рыхтаваліся. Дайана і Сімон таксама былі маладыя, моцныя і прыгожыя, але яны разумелі, што свята, а тым болей харапо – рэч сур’ёзная, і не сядзелі склаўшы рукі: усю душу ўкладалі ў стварэнне альпаргатаса – плеценага абутку з лазы. Яны выведвалі сакрэты ў старых майстроў і, калі надышло свята, сталі на ім найлепшай парай. А ў Караліны і Хуана праз некалькі гадзін харапо абутак папросту разваліўся, і яны не змаглі болей танцаваць. З таго часу перад кожнай сур’ёзнай справай, да якой варта падрыхтавацца, венесуэльцы кажуць: “Абувайце альпаргатас – трэба будзе танчыць харапо”.
Крытыкуй з розумам
Жылі калісьці ў адной вёсцы два хлопчыкі – Луіс і Хасэ. Луіс быў ціхім і непаваротлівым, любіў марудных чарапашак, усё ведаў пра іх. Ціхім і непаваротлівым быў і Хасэ. Але ён так пра сябе не думаў і чарапах – сімвал маруднасці – не любіў. Хасэ меркаваў, што найцікавейшая жывёла – браняносец. І кпіў з Луіса: “Ну што, маруда, неўзабаве і ў цябе панцыр з’явіцца, як у чарапахі! Ніхто з табой сябраваць не захоча”. Аднойчы гэтыя крыўдлівыя словы пачуў Луісаў дзед і супакоіў унука: “Дык у браняносца ж таксама панцыр ёсць, не толькі ў чарапахі”. З таго часу, калі нехта крытыкуе кагосьці за тое, што ў яго самога ёсць, венесуэльцы не прамінуць сказаць: “Браняносец насміхаецца з панцыра чарапашкі”.
Падрыхтавала Аксана Спрынчан