Васіль ХОМЧАНКА. Дзедавы казкі
Сяргейка вельмі любіць казкі слухаць. Прыстае да дзеда:раскажы ды раскажы яму казку. Дзед адну раскажа, другую, а яму ўсё мала.
— Дзе ж я вазьму табе столькі казак? Усе расказаў.
— З рота свайго.
І ўгаворыць дзеда.
— Ну вось, слухай, — пачынае дзед. — Жыла-была дзяўчынка Маша. Пайшла яна неяк да бабулі ў госці. Ідзе па лесе, песенькі спявае, а насустрач ёй — воўк. Шэры, ікласты, галодны. “Маша, Маша, я цябе з’ем”, — кажа воўк.
— Стой, дзед, — спыняе яго Сяргейка. — Я зараз стрэльбу вазьму. Ваўка напужаю.
Сяргейка прыносіць з другога пакоя сваю стрэльбу, кладзе яе на калені.
— А Маша ваўку і гаворыць: “Заўтра, воўча, з’ясі мяне, заўтра. А зараз хутчэй уцякай. Вунь паляўнічыя са стрэльбамі і сабакамі едуць. Чуеш, як колы стукаюць?”
Воўк прыслухаўся, пачуў стук і ўцёк. А тое не паляўнічыя ехалі, а дзяцел па дрэве стукаў.
— Добра ашукала, — смяецца Сяргейка. — А далей што?
— А далей Мішка крывалапы сустрэў Машу і — цап яе за руку. “Што нясеш? Можа, мёд?” — пытае.
Сяргейка просіць дзеда, каб замоўк, прыкладвае да пляча стрэльбу, націскае курок і крычыць:
—Бах! Забіў мядзведзя.
— А навошта? — дзівіцца дзед. — Мішка ж добры.
— Добры? Ну тады я назад стрэлю.
І зноў ляскае курком.
— Бах! Усё, мядзведзь зноў жывы.
Дзед расказвае, як Маша прывяла крывалапага Мішку да бабулі, як мядзведзь нанасіў з лесу дроў, напаліў печку, Машу дамоў праводзіў. І казка скончылася.
— Яшчэ адну казку! Ну, дзядуля…
— Усё, позна ўжо. Спаць трэба.
Дзед вядзе Сяргейку ў спальню, укладвае спаць і на сон спявае песеньку.
— Песню не трэба, лепш казку. Толькі не страшную.
— Заўтра.
— Пра зайчыка-пабягайчыка, дзядуля… Добра?
— Добра, добра. Спі, а то прыйдзе той Мішка-мядзведзь і скажа: “Непарадак! Дзевяць гадзін вечара, а Сяргейка не спіць”.
Сяргейка сцішваецца, а потым гаворыць:
— А ў мядзведзя гадзінніка няма. Вось.
Дзед смяецца, расказвае яшчэ адну казку, на гэты раз пра зайчыка, і Сяргейка засынае.