Лілія КАНДЫБОВІЧ. ЯК АЛЁША РЫЦАРАМ СТАЎ
Алёша баяўся цемры. І яшчэ навальніцы. І сабак. І нават газіроўку. Алёша ўсім казаў, што проста яе не любіць, але насамрэч ён думаў, што газіроўка можа ўкусіць. Вунь як шыпіць і плюецца! Як змяя. Але больш за ўсё ён баяўся страціць маму. Таму, выходзячы з дому, ён моцна трымаў яе за руку. Тата хваляваўся, што яго сын расце баязліўцам, сястра Зоя дражніла “зайцам”, а мама ўздыхала:
— Ён жа яшчэ маленькі. Падрасце і перастане баяцца.
Калі ў свой дзень нараджэння Алёша прачнуўся, ля яго ложка стаялі мама і тата з вялікай каробкай у руках.
— Сынок, цяпер табе чатыры гады. Ты ўжо зусім вялікі. А наш падарунак дапаможа табе быць смелым.
Алёша саскочыў з ложка, пачаў трыбушыць каробку. Там нешта прывабна грымела. Мусіць, новы канструктар. Не, машына ці нават аўтобус. Вунь якая каробка вялізная!
— Што гэта? — Алёша расчаравана глядзеў унутр каробкі.
— А давай прымерым, — прапанаваў тата і дастаў самы сапраўдны рыцарскі меч і самыя сапраўдныя рыцарскія даспехі. Праўда, яны былі трошкі пластмасавыя, але ўвогуле сапраўдныя.
Тата надзеў на сына даспехі, шлем, даў у рукі меч і шчыт.
— Паглядзі на сябе сынок. Сапраўдны рыцар! Абаронца!
Алёша падышоў да люстэрка. Праўда, падобны на рыцара.
— Ура! Цяпер я рыцар! — залямантаваў Алёша, ускінуўшы меч.
Мама, цмокнуўшы імянінніка ў нос, адправілася гатаваць сняданак, а тата пайшоў збірацца на працу.
І толькі сястра Зоя засталася стаяць, разглядаючы брата.
Нечакана пачуўся дзіўны гук. Алёша прыслухаўся. З татавага кабінета даносіўся гучны рык. Хоць цяпер Алёша і стаў рыцарам, але ў яго жываце нібы зашкрэбала маленькае мышаня. Так заўсёды было, калі ён баяўся.
— Што гэта? — спытаў ён ахрыплым голасам. Відаць, не прывык яшчэ быць рыцарам.
— А гэта ноччу прыляцеў Змей Гарыныч, — з’едліва сказала Зоя. — Хоча маму да сябе забраць, раз яна такая прыгажуня. А пакуль мама сняданак гатуе, Змей спіць у суседнім пакоі.
Яшчэ ўчора Алёша схаваўся б, але сёння, калі яму ўжо чатыры, ён адчуваў сябе сапраўдным рыцарам з мячом і ў даспехах.
— Я яго перамагу! — у Алёшыных вачах бліснуў азарт. Ён вырашыў абараніць маці. І праўда, як ён без мамы будзе?
Хлопчык ціхенька падкраўся да кабінета. Пачвара за дзвярыма храпла так, што посуд у шафе адгукаўся няшчасным грукатам і гатовы
быў разляцецца на кавалачкі. Алёша спыніўся. Пад даспехамі нешта гучна стукала. Ён хацеў быў па звычцы пабегчы на кухню, але ўявіў, як Змей Гарыныч забярэ маму, і яна будзе яму, а не Алёшу, гатаваць сняданак і расказваць казкі перад сном. Не! Так не будзе!
Алёша адчыніў дзверы і ўвайшоў у пакой. На ложку ляжала велізарная пачвара, накрытая маміным любімым пледам. З-пад пледа тырчала вялізная валасатая лапішча. Хлопчык войкнуў і падаўся назад. Яго стрыжаныя валасы ўсталі дыбам, а ў роце перасохла.
— Мня-мня-мня! — зацмокала пад пледам пачвара.
“А раптам яно маму з’есць? — запанікаваў рыцар Алёша. — Што рабіць?”
— Вось табе за маму! — залямантаваў Алёша і, як рыцар з мультфільма, з усёй сілы ўдарыў пачвару па тым месцы, дзе павінна быць галава. Або тры галавы, калі Змей трохгаловы.
Храп змяніўся дзікім крыкам. Алёша, забыўшыся, што ён цяпер рыцар, кінуўся прэч з пакоя. У калідоры з размаху ўляцеў у тату, які спя-
шаўся насустрач.
— Што здарылася? — устрывожаны тата спрабаваў забраць у сына меч, якім той размахваў ва ўсе бакі.
— Там! Там Змей Гарыныч! — крычаў перапалоханы Алёша. — Ён хоча маму забраць!
— Які Змей Гарыныч? Дзе? — не разумеў тата.
— Там, — Алёша махнуў рукой, — рыкае!
І ў гэты момант дзверы кабінета адчыніліся. Усё! Цяпер Змей яго з’есць, а маму забярэ. Алёша заплюшчыў вочы і схаваўся за бацькаву спіну.
— Вы што? Звар’яцелі? Я прыехаў імянінніка павіншаваць, а вы так мяне біць! — раздаўся знаёмы голас.
Алёша, перасіліўшы страх, расплюшчыў вочы і выглянуў з-за таты.
На парозе пакоя стаяў дзядуля Вася і паціраў патыліцу.
— Я… Я думаў, што там Змей Гарыныч! — расплакаўся нарэшце Алёша. — Мне Зойка сказала, што ён хоча маму забраць!
— Дык ты малайчына, унук! Змея не спалохаўся і маму абараніў. Сапраўдны рыцар!