Алесь БАДАК. АКВАРЭЛЬКІ
Казка
Стаяла звычайная восеньская ноч. У пакоі, дзе спаў вучань першага класа Андрэйка — вой, прабачце, Андрэй Сцяпанавіч Салавейчык, — было ціха. За акном ярка свяціў месяц. Калі доўга-доў-
га слухаць гэтую цішыню і глядзець у кут, куды не трапляе масцовае святло, можа падацца, быццам у пакоі нехта шэпчацца і варушыцца. Чакайце, але ж яно так і ёсць!
На стале побач з размаляваным аркушам паперы ляжаў пенал. Раптам з яго асцярожна пачалі вылазіць акварэльныя фарбы: Чыр- воная, Жоўтая, Зялёная, Сіняя, Белая… Апошняй на стол саскочыла
Чорная Акварэлька і тут жа гучна чхнула.
— Ціха ты! — зашыпела на яе Чырвоная Акварэлька.
— А я не вінаватая, што нас разбаўляюць халоднай вадой! — прабурчэла тая.
Чырвоная Акварэлька павольна прайшлася па малюнку то ўважліва гледзячы сабе пад ногі, то азіраючыся па баках, і цяжка ўздыхнула:
— Жах! Цяпер я разумею, чаму настаўніца зрабіла яму заўвагу. І чаму з яго работы смяяліся ўсе вучні, а ён заплакаў.
— Таму што ён не хоча старацца! Таму што ён няўмека! — забалбатала Чорная Акварэлька.
— Ніколі не трэба спяшацца. Каму, як не нам, фарбам, ведаць, што многія славутыя мастакі таксама спачатку малявалі вельмі кепска. Але наша задача не шкодзіць, а дапамагаць! Асабліва дзецям! А ты, Чорная Акварэлька, што нарабіла?! Што гэта за чорная пляма пасярод зялёнай травы?!
— Яна наўмысна! — усклікнула Зялёная Акварэлька. — Я сама бачыла!
— Наўмысна! Мы таксама бачылі! — зашумелі астатнія акварэлькі.
— А чаму ён мной амаль не карыстаецца? — пакрыўджана сказала віноўніца.
— Вось што, — грозна сказала Чырвоная Акварэлька, — яшчэ раз такое здарыцца — і мы прагонім цябе са свайго пенала!
— Ах так! — усклікнула Чорная Акварэлька. — Тады ведайце: ва ўсім вінаваты Пэндзлік! Ён мне сам прызнаўся, што не любіць гэтага хлопчыка і шкодзіць яму, як толькі можа.
Чырвоная Акварэлька падышла да пенала і пастукала па ім кулачком. Праз некалькі імгненняў паказаўся заспаны Пэндзлік.
— Ну што такое? — незадаволена спытаў ён. — Чаго вам не спіцца?
— Чаго не спіцца?! — абурана перапытала Чырвоная Акварэлька. — Ты што сабе дазваляеш?! Ану, вылазь!
Калі Пэндзлік даведаўся, у чым яго абвінавачваюць, тут жа абурыўся:
— Ды вы паглядзіце, на каго мы дзякуючы гэтаму неахайніку сталі падобныя! Мяне ж страшна браць у рукі. А ён толькі пяць разоў мной карыстаўся! Я не хачу, каб заўтра мяне выкінулі ў сметніцу.
— І ты вырашыў адпомсціць хлопчыку?! — гнеўна прамовіла Чырвоная Акварэлька. — Ты не слухаешся яго рукі і малюеш абы-як.
— Ну вось, — ціха прабубніла Чорная Акварэлька, — зараз яна скажа, што многія вялікія мастакі ў жыцці былі вельмі неахайнымі.
Але Чырвоная Акварэлька так не сказала. І гнеў у яе голасе кудысьці знік.
— Я згодна, што хлопчык неахайны і не хоча старацца на ўроках. Але мы не павінны рабіць так, каб у школе і дома думалі, што ён яшчэ горшы, чым ёсць. Гэта непрыгожа і нават… злачынна! Мы можам забіць…
— Ах! — спалохана ўсклікнула Белая Акварэлька. — Мы можам назаўсёды забіць у ім жаданне маляваць.
— А што тады нам рабіць? — ужо больш спакойна спытала Белая Акварэлька.
— Нам трэба даць яму шанц.
— Правільна! Правільна! — хорам сказалі фарбы. Прамаўчалі толькі Пэндзлік і Чорная Акварэлька.
І тут нехта крыкнуў:
— Чуеце шум?! Сюды нехта ідзе! Хаваймася!
У адно імгненне Пэндзлік і акварэлькі схаваліся ў пенале.
Праз прыадчыненыя дзверы ў пакой нячутна ўвайшоў чорны кот. Некалькі хвілін ён насцярожана прыслухоўваўся да начной цішыні, а пасля гэтак жа нячутна выйшаў з пакоя.
Наступіла нядзельная раніца. Вучань першага класа Андрэйка, дакладней Андрэй Сцяпанавіч Салавейчык, расплюшчыў вочы якраз у той момант, калі ў дзвярах з’явілася мама.
— Затое ты даўжэй за ўсіх захаваешся, — хіхікнула Сіняя Акварэлька.
— Мама! А ведаеш, што мне ноччу прыснілася?!
— Што, сонейка?
— Мне прыснілася, быццам мае акварэльныя фарбы ўмеюць размаўляць.
— І пра што яны гаварылі?
— Што Пэндзлік і Чорная Акварэлька перашкаджалі мне маляваць.
— Вось як? А чаму яны перашкаджалі?
— Бо… Бо я неакуратны і не вельмі старанны на ўроках.
— А яны не памыляюцца?
— Яшчэ як памыляюцца! — хлопчык саскочыў з ложка, падбег да стала, на якім ляжалі пенал з акварэльнымі фарбамі і малюнак. — Вось убачыш, які малюнак я для цябе сёння намалюю! Я магу цэлы
дзень не выходзіць на вуліцу, пакуль не атрымаецца. Толькі спачатку памыю пэндзлік!
— Давай так, — усміхнулася мама. — Спачатку ты памыешся сам, пасля паснедаеш, а потым будзеш рабіць усё астатняе.
Калі мама і сын выйшлі з пакоя, туды забег чорны кот. Ён навастрыў вушы, мяўкнуў, заскочыў на стол і доўга абнюхваў пенал з акварэльнымі фарбамі.
— Сімка! — паклікала мама. — Снедаць!
Чорны кот імгненна саскочыў са стала.
— Апчхі! — пачулася яму ўслед.