Уладзімір МАЦВЕЕНКА. Ле-бе-дзя-ня-ты
Калісьці па лёдзе
Лябёдка ступала.
У лунку папала
І лапку зламала.
Там лекары лапку
Ледзь-ледзь
Падлячылі,
А потым Лябёдку
Лячылі ля Чылі.
Лябёдцы не люба
Ля Чылі лячыцца,
Любімы куточак
Пад Любанню
Сніцца.
Лябёдка бяссонную
Ноч прасядзела,
А ледзь развіднела —
У неба ўзляцела.
Вунь злева — затока
Блакітам ільсніцца.
І лес у яе,
Бы ў люстэрка,
Глядзіцца.
А справа —
Ледзь бачна,
Лагчына ляжыць,
І змейкай
Да мора
Рачулка бяжыць.
Колькі ляцела
Лябёдка дадому —
Тыдзень ці два —
Невядома нікому.
Стомлена села
На родныя хвалі,
І лашчылі хвалі яе,
І люлялі…
Мілы ёй лес,
І даліны, і рэкі,
І лекі не горш,
Чым з замежнай аптэкі…
А ўлетку ў Лябёдкі
З’явіліся дзеткі.
— Ну, выліты татка, —
Казалі суседкі. —
Надзея і гонар
Для мамы і таты —
Любімыя імі
ЛЕ-БЕ-ДЗЯ-НЯ-ТЫ.
І столькі іх вырасла
Да халадоў,
Колькі ты ў назве
Налічыш складоў.