Ганна СКАРЖЫНСКАЯ-САВІЦКАЯ. Вадой не разальеш
У таямнічым беларускім лесе жыў вясёлы і кемлівы зайчык Зубасцік. Любіў ён спяваць песенькі і марыў стаць артыстам. Але калі зайчыку што-небудзь не падабалася, дык ён злаваўся. Зайчык выстаўляў свае шырокія зубы і рабіўся злосным. Некаторыя звяркі нават пабойваліся яго. А сам Зубасцік вельмі баяўся ваўкоў і лісоў, асабліва самага злога ў лесе — Ваўка Драпежнага.
На сонечнай палянцы сярод высокіх сосен і ялін быў у зайчыка любімы пянёк, на якім ён танцаваў і спяваў песенькі.
Аднойчы прыбег Зубасцік на палянку і ўбачыў, што яго пянёк грызе малады бабёр Грызлік.
— Што ты робіш?! Ты ж мой пянёк змарнаваў! Дзе я цяпер буду весяліцца?! — падскочыў да яго Зубасцік.
— Адчапіся. Я зубы вастру.
— Вастры аб дрэвы, а гэта мой пянёк! — махаў лапкамі зайчык.
— Дзе тут напісана, што ён твой? Адыдзі, бо зараз і цябе пагрызу! — ашчэрылася бабраня.
— Не палохай! У мяне таксама моцныя зубы! — пачаў наступаць даўгавухі.
— Ры-ры-ры-ы-ы! Можа і мяне не баішся?! — пачуўся злосны рык. Бабраня і зайчаня спалохана азірнуліся. За кустом, ашчэрыўшы зубы, стаяў Воўк Драпежны.
Звяркі ад страху ажно затрэсліся і, як па камандзе, пачалі ўцякаць. Воўк гнаўся за імі. Бабёр адставаў. Зубасцік бег хутчэй. Шкада яму было пакідаць Грызліка, хаця і пакрыўдзіўся на яго, што той
змарнаваў пянёк.
І зайчык пачаў адводзіць Драпежнага: адбяжыць, схаваецца за куст і крыкне. Воўк за ім пагоніцца, а за гэты час бабёр далей уцячэ. А Зубасцік потым яго даганяе.
— Куды ўцякаць? — азіраўся заяц.
— Да мяне, у мой домік! Ён пад абрывістым берагам ракі! Тут ужо недалёка! Воўк у балота не палезе!
— І я не палезу! — выгукнуў зайчык.
— Каля абрыва скокнеш мне на спіну! Я цябе на сабе пранясу па балоце! Мне не прывыкаць! — выгукнуў бабёр.
Хутка заяц Зубасцік і бабёр Грызлік, ледзь дыхаючы, сядзелі ва ўтульнай бабровай хатцы. А Воўк Драпежны пабегаў, пабегаў каля балота і, апусціўшы галаву, падаўся ў лес.
— Уцяклі. У мяне ажно душа ў лапкі правалілася ад страху, — пыхцеў бабёр.
— Я таксама напалохаўся, але мне прывычна. Я заўсёды ад ваўкоў уцякаю, таму і бегаю хутка, — махнуў лапкай зайчык.
— Дзякуй табе, што дапамог мне ўцячы. Прабач, што пагрыз твой пянёк. Я ж не ведаў, што гэта твая танцпляцоўка, — усміхнуўся бабёр. — Не перажывай, знойдзем мы табе другі, моцны, пянёк,
а гэты трухлявы быў.
— Я звярок ветлівы, не злапомны, таму дарую табе, — усміхнуўся зайчык.
— А як цябе завуць?
— Зубасцік.
— А мяне Грызлік. Дык у нас і мянушкі падобныя! — здзівіўся бабёр. — Ты таксама любіш усё грызці?
— Ага, асабліва моркву і капусту, — усміхнуўся заяц.
— А я, калі вырасту, буду ствалы дрэваў перагрызаць, плаціны на рэчцы будаваць, — пахваліўся Грызлік.
— А яшчэ адпомсцім гэтаму злому Ваўку за тое, што не дае нам спакойна гуляць па лесе! — падскочыў заяц.
З таго часу звяркі часта сустракаліся. На сонечнай палянцы, сярод духмяных кветак і зёлак, знайшлі яны бярозавы пянёк. Зайчык на ім праводзіў канцэрты: выступаў, весяліў сваімі песенькамі і тан-
цамі не толькі Грызліка, але і іншых жыхароў лесу. Ён стаў вядомым лясным артыстам. Не раз выручалі адзін аднаго Грызлік і Зубасцік. Лясное жыццё трывожнае, але хітрасцю і сілай выбіраліся яны
з лапаў ворагаў-драпежнікаў. Пасля такіх прыгод звяркі моцна пасябравалі. Цяпер іх, як кажуць, і вадой не разальеш.