Мікола ЧАРНЯЎСКІ. ПЕНЬ-ГРЫБНІК
Казка
Там, дзе высечка вялася,
Пень застаўся,
Пень стары.
Абрастаў патроху мохам
Без апраткі —
Без кары.
Пёкся, сох пад сонцам летнім,
Пад дажджом увосень мок
Ён, забыты,
Непрыкметны,
Пачарнелы пень-пянёк.
Пень, патрэсканы заўчасна,
Толькі ўглыб садзіўся, лез.
“Гляньце, ён такі няшчасны!” —
Уздыхаў, шаптаўся лес.
Ды аднойчы ў неспакоі
Пень ачнуўся ад журбы:
“Хто там лезе талакою?”
А прыгледзеўся —
Грыбы!
Жоўта-бурыя, і многа,
Палічыў бы —
Не злічыць.
— Што вам трэба ад старога?
Можа, будзеце лячыць?
А грыбы ўгару грабуцца
Без падмогі,
Без драбін.
Дзе макрэй —
Заняць імкнуцца
Пляц гурмою, як адзін:
— Пень-пянёк,
Пень-пянёк,
Пусці нас на дзянёк,
Станем табе дзеткамі,
Добранькімі гэткімі!
Зграбныя,
Маленькія,
Станем мы –
Апенькамі.
Сумаваць не будзеш:
Госці прыйдуць —
Людзі.
Нас у кошык падбяруць,
А табе —
Паклон дадуць!
Ажывіўся пень-нябога,
Зноў аж трэшчынкі пайшлі:
— Ой, усцешылі старога!
Дзе вы ўсе раней былі?
Не марнеў бы адзінока,
Як і вы,
Вясёлым быў,
Заўважаў
Яшчэ б здалёку
Люд, ахвочы на грыбы.
Каб не вы —
Праспаць мог казку,
Тут струхлеў адстаўніком.
Дзякуй, любыя, за ласку:
Быў пяньком —
Стаў грыбніком!