МЫ Ў АДКАЗЕ ЗА БРАТОЎ НАШЫХ МЕНШЫХ
Ідзе, звініць, буяе лета. У вас, дарагія чытачы, цяпер — самы залаты, самы вясёлы, самы вальготны час. Вакацыі! Кніжкі, фільмы, гульні, сябры!..
Шмат у каго сяброў значна дадалося: у вёску да бабуль і дзядуль з’ехаліся ўнукі з розных куткоў Беларусі. Столькі новых знаёмстваў! А колькі хлопчыкаў і дзяўчатак знайшло сяброў у лагеры адпачынку ці на лецішчы!..
Дарэчы, на тым жа лецішчы можна пасябраваць не толькі з аднагодкамі. Бывае, што гэта браты нашы меншыя: каты ці сабакі. Прычым нічыйныя каты і сабакі. Або наадварот — “усехныя”. Адкуль яны там бяруцца? Вядома, іх з сабой прывозяць дачнікі і выпускаюць за брамку, за агароджу. Маўляў, няхай пабегае вольна на прыродзе! А напрыканцы дачнага сезона з’язджаюць у горад і забываюць забраць з сабой гадаванца.
Дарослыя гаспадары забываюць пра сваіх чацвераногіх сяброў. І дзеці, якія ўсё лета кармілі іх, гулялі з імі, забаўляліся, хадзілі разам у лес па грыбы або на рэчку купацца. А потым таксама селі ў машыны і з’ехалі, абыякавыя…
Асабліва балюча, калі забываюцца пра маленькіх шчанюкоў ці кацянят. Пакідаюць іх на пакуты — на голад, на холад, на смерць. Гэта здрада.
“Ты заўсёды ў адказе за ўсіх, каго прыручыў”, — напісаў французскі пісьменнік Антуан дэ Сэнт-Экзюперы ў сваёй знакамітай казцы “Маленькі прынц”. Галоўны герой гэтай казкі жыў на невялікай планеце, на якой расла толькі адна цудоўная ружа. І Маленькі прынц даглядаў яе: паліваў штодня, хаваў нанач пад шкляны каўпак, затуляў шырмай ад скразнякоў. Ён клапаціўся аб ружы, быццам яна жывая. Клопату з ёю было шмат!.. А потым, падчас падарожжа, ужо на іншай планеце, дзе раслі тысячы цудоўных руж, Маленькі прынц раптам засумаваў па сваёй ружы, занепакоіўся: як яна там, без яго?.. І новы сябар Ліс адкрыў яму ісціну наконт адказнасці на ўсё жыццё за таго, каго ты прыручыў…
Так, мы ў адказе за тых, каго ўзяліся даглядаць, — за катоў, за сабак, за папугайчыкаў, за рыбак, за хамякоў, за яшчарак, за чарапах, нават за розных жучкоў і павучкоў…
Таму, калі ты ўжо пусціў іх у сваё жыццё, у сваё сэрца, то павінен увесь час клапаціцца пра сваіх гадаванцаў — карміць, купаць, лекаваць, выгульваць, калі трэба. Павінен стаць ім старэйшым сябрам на ўсё іх жыццё — кацінае ці сабачае, птушынае ці хамяковае… Так, гэта нялёгка — патрэбны і час, і сілы, і грошы. Але ўсё перамагае любоў. І гадаванец адплоціць табе сваёю любоўю і прыхільнасцю.
І нават, калі сябар — не хатні гадаванец, а дачны сабака ці кот, ты не кінеш яго паміраць ад голаду і холаду на апусцелым лецішчы. Тым больш — бездапаможных кацянят ці шчанюкоў. Трэба з дапамогай бацькоў прыстроіць іх у добрыя рукі ці ў прытулак для жывёл.
Ты не выкінеш у рэчку ці ў балота чарапаху таму, што яна спачатку была маленькая, а за два гады пераўтварылася ў вялікі танк, які поўзае пад нагамі і аб які ўсе спатыкаюцца.
Не выпусціш у фортку папугайчыка, таму што табе надакучыла штодня мяняць ваду і прыбіраць за ім.
Не забудзеш своечасова насыпаць корму хамякам, мышам, пацучкам, якія так міла забаўляюць цябе…
А ўвогуле ты спачатку добра паразважаеш аб тым, ці трэба табе прасіць у бацькоў, заказваць у падарунак на дзень народзінаў ці Новы год кацяня ці сабаку, птушачку ці чарапаху…
Бо гэта не цацкі. Гэта жывыя істоты. Гэта нашы суседзі па планеце. Гэта нашы меншыя сябры.
Тамара БУНТА