Ястраб і певень
Башкірская народная казка
Жыў у сасновым бары ястраб — светлыя бровы, жоўтыя вочы, шэрая грудка ў крапінку.
І — хочаце верце, хочаце не верце — былі ў ястраба жамчужныя каралі, а на галаве красаваўся пунсовы грабеньчык.
А яшчэ ястраб быў вельмі добры і кампанейскі. І таму ўсё лётаў у вёску да пеўня з курыцай, гасцяваў у іх цэлымі днямі.
Клюе, бывала, разам з імі з карыта-кармушкі ячмень ды пшаніцу, а сам курыцы ўдзячна кажа:
— Які смачны пачастунак! Давайце, курачка-рабачка, я за гэта вас лётаць навучу…
А курыцы лётаць хочацца, ды глядзіць яна не столькі на ястраба, колькі на яго каралі, на беласнежныя, на тонкай нітцы жэмчугу.
— Ax, куды, вось бы такое хараство мне!
І ўслед за ястрабам кароткімі сваімі крыламі ўзмахне, ледзь-ледзь над лужком узляціць, ды на каралі ястрабінае заглядзіцца, крыламі махаць забудзецца і — кульнецца… Узляціць, заглядзіцца і — кульнецца… Такое навучанне палёту.
А певень тым часам усё глядзеў на ястрабіны грабеньчык. У яго і ў самога раслі ў той час на галаве толькі гладзенькія пярынкі, і певень таксама, як курыца, думаў: “Вось бы і мне на галаву такое, як у нашага госця, выдатнае ўпрыгожванне…”
І спачатку певень задумаў выгадаваць сабе пунсовы грабеньчык сам.
На пунсовым світанку абудзіцца, пракукарэкаецца, устане пад шырокі, увесь у расе, лопух. Стаіць, чакае, калі капне адтуль ружовая ад зары расінка яму на галаву. І вось расінка — шлёп! — а певень здрыганецца, імчыцца ў куратнік да курыцы:
— Зірні! Што-небудзь вырасла?
Курыца глядзіць, кажа:
— Не…
І тады чакае певень дажджу з вясёлкай. І калі дожджык налье лужыны, а ў іх адаб’ецца вясёлка, то певень спрабуе вясёлку зачэрпнуць лапай, аплеснуцца сяміколернай вадзіцай.
Потым курыцу пытаецца ізноў:
— Ну, а цяпер?
— А цяпер, — адказвае курыца, — зноў нічога няма.
Нават зоркія малыя-кураняты і тыя кажуць:
— У цябе ўсё такія ж пярынкі. Толькі мокрыя.
І вось бедаваў, бедаваў певень, ды з гора і рашыўся на непахвальную справу. Адшукаў за гаспадарскай хатай, за сваім куратнікам, за дваром у чартапалоху пару семечак дурманнай сон-травы. І, калі ястраб прыляцеў у госці, певень падсунуў семкі ў карыта, у ячмень.
— Клюйце, дарагі ястраб, тут… З гэтага краю пачастунак саладзейшы.
— Што ж! — цешыцца ястраб. — Калі саладзей, то і паклюём!
І — дзюбнуў. А як дзяўбнуў, дык у вачах у яго пайшлі сонныя кругі. І ён пазяхнуў, пахіснуўся ды проста каля карыта і паваліўся. Ляжыць, галаву — пад крыло, нават пахрапвае; курыца ахае:
— Ах! Ён чамусьці заснуў!
— Не ахай, — спяшаецца певень, — а забірай каралі. Табе ж вельмі гэтага хацелася.
Ды сам каралі з ястраба і зняў, сам накінуў на курыцу; шапачку-грабяшок таксама з галавы ястраба сарваў, нацягнуў на ўласную галаву.
— Цяпер, — кажа, — хавацца бяжым…
Толькі вось певень і напраўду памчаўся, а курыца не можа ступіць нават кроку. Схіліла галаву набок, разглядае на сабе каралі, ад шчасця вочы так і закатвае:
— Ох-ох! Квох-квох!
Але тут сонныя семечкі дзейнічаць перасталі — ястраб прачнуўся. Адчувае ён, што галаве холадна, што грабеньчыка няма, убачыў свае жэмчугі на курыцы: уся дабрыня з ястраба далой.
— Эх, ты! Як не сорамна табе! А яшчэ вучылася ў мяне лётаць!
— Гэта не я, — адступае сканфужана курыца. — Гэта ўсё зладзіў певень…
Ды ястраб ужо не слухае. Тузануў ястраб крывымі кіпцюрамі каралі да сябе, тонкая нітка нацягнулася. Нацягнулася, лопнула — жамчужынкі дробным градам разляцеліся па траве, упалі ў густую лістоту, у высокія рамонкі.
А тут на шум з хаты выскачыў гаспадар, затупаў па ганку, злосна замахнуўся:
— Што за няпрошаны госць у двары ў мяне? Кыш!
Ястрабу рабіць няма чаго. Ястрабу цяпер самому трэба ратавацца. Паляцеў ён без жэмчугаў, без грабеньчыка да сябе ў далёкі бор. Толькі і паспеў курыцы пагразіць:
— Як ты, певень, са мною ўчынілі, так і я цяпер буду з вамі… Вы ў мяне самае дарагое зацягнулі, і я ў вас калі-небудзь самае лепшае адбяру!
І сапраўды. Павяла курыца на шпацыр куранят, з імі ходзіць, любуецца на іх. Певень таксама на дзетак цешыцца, ганарліва калыхае пунсовым грабеньчыкам.
— Вось якія ў нас хлопцы! Пухнатыя, чарнавокія.
Раптам на двор упаў хуткі цень. Певень бачыць — ястраб! Ды не проста ён, ястраб, цяпер ляціць, а так на пеўня ды на куранят кіпцюрамі і цэліцца.
— Каравул! — устрывожыўся певень. — Зараз куранятам нашым будзе бяда, і сам я без грабеньчыка застануся!
Нырнулі кураняты, певень, курыца пад нізенькі ганак. Крычаць крыкам, выклікаюць зноў на дапамогу гаспадара. А ястраб прашумеў крыламі над самым ганкам, прыгразіў гразней ранейшага:
— Хавайцеся не хавайцеся — зараз заўсёды будзе так!
Зажурыўся певень:
— Ахаханюшкі… Прыйдзецца, курачка-лапушка, нам гэтую справу неяк выпраўляць! Грабеньчык вяртаць шкада, а вось жэмчугі вярнуць трэба… Ідзём іх усё ж пашукаем.
Але каштоўныя пацеркі ўжо раскаталі па сваіх падземных кладоўках мышкі-нарушкі ды краты. І певень з курыцай нічога, акрамя дажджавых чарвякоў, не знайшлі ні па першым, ні нават па другім і па трэцім разе…
Шукаюць яны жамчужынкі і зараз. Шукаюць разам з куранятамі. А як убачаць ястраба, дык усім статкам бягуць пад ганак. Чаму? Ды ўсё толькі таму, што певень і курыца адзін толькі разок, але ўсё ж пазайздросцілі прыгажосці чужой, а пра сваю — забыліся. Бо калі б яны ў самым пачатку спыталі сваіх уласных куранят: “Хто прыгажэй? Каршак з грабеньчыкам і ў каралі ці мы — вашы бацькі, без грабеньчыка і без караляў?” — то кураняты б адказалі ўміг: “Вядома, вы!”