Падснежнік
Башкірская легенда
Здарылася гэта ў далёкія часы. У мястэчку, акружаным высокімі гарамі і густымі зялёнымі лясамі, жыў злы і падступны хан па імені Дэгэнэк. Са світання да ночы прымушаў ён без перадышкі гнуць спіну сваіх работнікаў. Сам жа ўсё жыццё праводзіў у задавальненнях: сёння запрашаў да сябе ў госці суседняга хана, а назаўтра сам у яго частаваўся.
У адзін з пагодлівых вясновых дзён нарадзілася адначасова на свет трое дзяцей: сын Дэгэнэк-хана, дачка суседняга хана і дачка слугі Дэгэнэка.
Дэгэнэк асядлаў лепшага аргамака і паехаў да суседа па ханстве. Ханы вырашылі наладзіць абрад заручэння немаўлят, дамовіліся парадніцца паміж сабой, калі іх дзеці падрастуць і стануць мужам і жонкай.
Мінулі гады. Сын Дэгэнэк-хана Карай стаў джыгітам, а дачка яго слугі — Умырзая — дзяўчынай на выданні. Бачачы, што бацька і маці моцна састарэлі, паваротлівая Умырзая вырашыла даць ім магчымасць адпачыць, замест іх сама пайшла працаваць на хана. Варта было Караю зірнуць на гэтую чарнабровую, чарнавалосую дзяўчыну з вачыма, як бліскучыя парэчкі, як ён раз і назаўжды яе пакахаў. Ды і сам ён вельмі спадабаўся Умырзае.
Неўзабаве бацькі дзяўчыны памерлі, і адзінай апорай жыцця ў яе застаўся сын хана Карай.
Джыгіт і дзяўчына таемна сустракаліся на вяршыні гары.
Вестка аб тым дайшла да хана. Спачатку ён не паверыў, як магчыма, каб сын хана закахаўся ў дачку яго слугі! Тым не менш, занепакоены, ён паслаў да суседняга хана ганца, каб паскорыць вяселле нарачоных.
Карай даведаўся пра гэта і, карыстаючыся ўсеагульнай мітуснёй і вясельнымі падрыхтоўкамі, збег з дому разам з каханай дзяўчынай.
Неяк увечары хан зазірнуў да сына, а таго і след прастыў. Узняліся шум ды крык у палацы хана. Шукаюць паўсюль — а Карая і Умырзаі і ў памоўцы няма. Паклікаў хан да сябе ўсіх візіраў і ганцоў і даў такі загад:
— Неадкладна знайдзіце бессаромнікаў і прывядзіце да мяне.
Тры дні, тры ночы гойсалі паўсюль ганцы і, дарэшты выбіўшыся з сіл, вярнуліся назад.
Страціў цярпенне хан і сам адправіўся ў шлях. Шэсць дзён і шэсць начэй шукаў ён маладых. На сёмы дзень у раннюю світанку прысеў ён адпачыць ля падножжа нейкай гары. У гэты час побач прысела варона і стала крычаць на ўсё горла: “Кар! Кар-р!”
— Чаго ты каркаеш? — спытаўся ў яе хан.
— А ты іх пракляні, — сказала варона. — Праклён бацькі іх пакарае.
— А як мне іх праклясці? — пытаецца хан.
— Пракляні так: кар і кар, стань лёдам!
Варта было хану вымавіць тыя словы, як сын яго Карай звярнуўся ў глыбу лёду.
— А яшчэ як праклясці? — зноў пытаецца хан.
— Кар і кар, за ім рушы ўслед і ты. А потым дадай яшчэ так: ідзі за лёдам і звярніся кветкай.
І зноў — варта было хану вымавіць тыя словы — Умырзая адразу ператварылася ў сумна застылую кветку.
Тую кветку сталі зваць Умырзая — Падснежнік. Таму ён расцвітае не ўлетку, як іншыя кветкі, а ранняй вясной, у пару раставання снегу. Кажуць, ён ідзе ўслед за снегам, спяшаецца ўбачыць свайго каханага Карая.