Шлях да казкі
Аднойчы мне прысніўся Андэрсан. Ён ішоў па вуліцы старажытнага горада і казаў: “Я скажу табе, дзе жывуць казкі. Там, далёка на Поўначы, сярод непрыступных снягоў, дзе не ступае нага ні чалавека, ні звера, яны спяць пад бліскучымі льдамі, пакуль не пакліча іх да сябе гарачае сэрца. Тады, абуджаныя, яны адпраўляюцца ў свет — распавесці пра дабро і зло, пра высакародства і каханне. Яны ўмеюць рабіць гэта проста і шчыра. Бо тут, сярод ледзяной цішыні, яны захоўваюць у чысціні праўду жыцця…”
На маю думку, праўда жыцця палягае ў тым, што Дабро заўсёды перамагае Зло, бо гэта закон захавання жыцця на зямлі: Зло імкнецца знішчыць, разбурыць, а Дабро стварае і ратуе! Вось якую таямніцу ведае і захоўвае Казка.
Таму я люблю казкі і чытаць, і ствараць — паводле закону жанру, у іх заўсёды перамагае Святло.
А яшчэ казка — самы сапраўдны рухавік прагрэсу. Фантазіруючы, людзі прыдумлялі казачныя дываны-самалёты, боты-скараходы, абрус-самабранку і мноства іншых дзівосных прадметаў, прымушаючы дапытлівыя галовы думаць, а як бы насамрэч навучыцца хутка перасоўвацца па паветры і па зямлі, бачыць і чуць, што за светам робіцца… Стагоддзямі працавала канструктарскае, інжынернае мысленне чалавецтва, крок за крокам набліжаючыся да вынаходства аўтамабіляў, самалётаў, радыё, тэлевізара і розных іншых тэхнічных цудаў, якія сучасны чалавек і цудамі ўжо не лічыць.
А ля вытокаў іх стварэння і была казка!
Я ведаю месца, дзе казкі жывуць пад кожнай травінкай, пад кожным лісточкам. Гэта маленькая вёсачка на поўначы Беларусі з ласкавай назвай Мілашова — мая радзіма. Бацькоўскі дом стаіць над возерам, якое нагадвае знак бясконцасці. На паўвостраве, у атачэнні векавых ліпаў — старажытная капліца, пахавальня паноў Мілашаў. У маім Мілашове — самыя духмяныя бэз і чаромха, самыя прыгожыя клёны, самыя смачныя суніцы на лясных палянах і самыя буйныя журавіны на балотах…
І казкі тут проста з неба падаюць — толькі паспявай лавіць і запісваць!
Я і запісваю! Кнігі маіх казак адзначаны рознымі прэміямі, сярод якіх я лічу самымі галоўнымі Дыпломы чытацкіх сімпатый і прэмію Васіля Віткі — вядомага беларускага казачніка, якую атрымала ад “Вясёлкі”.
На “Беларусьфільме” па маёй казцы “Лагодны воўк” у 2017 годзе зняты аднайменны мультфільм — шматразовы лаўрэат розных міжнародных конкурсаў. А ў 2018 годзе па казцы “Мяне завуць Лахнэска” створаны мультфільм “Прыгажун і пачвара”. Паглядзець іх можна, перайшоўшы па QR-кодзе.
Алена МАСЛА