Кароль казак
2 красавіка 1805 года нарадзіўся Ханс Крысціян Андэрсан — сусветна прызнаны Кароль казак.
З 1967 года па рашэнні Міжнароднай рады па дзіцячай кнізе 2 красавіка, у дзень народзінаў Андэрсана, адзначаецца Міжнародны дзень дзіцячай кнігі.
“Жыццё маё — сапраўдная казка, багатая на падзеі, цудоўная! Калі б у тую пару, калі я бедным, бездапаможным дзіцём пусціўся ў белы свет, мяне б сустрэла ў дарозе магутная фея і сказала мне: “Абяры сабе шлях і мэту жыцця, і я, згодна з тваімі дараваннямі і па меры разумных магчымасцяў, буду ахоўваць і накіроўваць цябе!” — і тады б жыццё маё не склалася лепш, шчаслівей, разумней. Гісторыя майго жыцця скажа ўсім людзям тое самае, што кажа мне: Пан Бог усё скіроўвае да лепшага…” — пісаў славуты казачнік.
Нарадзіўся Андэрсан у дацкім горадзе Одэнсе ў беднай сям’і башмачніка і прачкі. Бацькі жылі ў каханні і любілі сына. Бацька чытаў яму кнігі, настольнымі былі “Біблія” і “1001 ноч”. Крыху чытаць і пісаць Андэрсан навучыўся ўжо ў пяць гадоў у “Школе для маленькіх хлопчыкаў”.
У 14 гадоў Андэрсан выправіўся ў свет з бацькоўскага дому з намерам стаць акцёрам Каралеўскага тэатра. Праз нейкі час, сапраўды, ён іграў там ролі другога плана. Таксама Ханс напісаў некалькі п’ес, якія ў тэатры не прынялі. Аднак незвычайнага таленавітага юнака заўважалі людзі. Юнацтва Андэрсана — адзін з самых незвычайных эпізодаў у гісторыі літаратуры. Проста дзіва, як чатырнаццацігадоваму юнаку без знаёмых у сталіцы, без сродкаў на пражыццё ішлі насустрач людзі, спрыялі і дапамагалі, як лёс зводзіў яго з асобамі, якія маглі разгледзець жарыначкі яго таленту.
Вядомы ў Даніі мецэнат Йонас Колін дапамог Андэрсану атрымаць стыпендыю на навучэнне ў гімназіі. У 1828 годзе Ханс Крысціян паступіў у Капенгагенскі ўніверсітэт, атрымаўшы па заканчэнні вучобы ступень кандыдата філасофіі. Ён вучыўся і адначасова пісаў, і ў 1829 годзе выйшла першая рамантычная проза Андэрсана. Праз некалькі гадоў каралеўская стыпендыя дала яму магчымасць пусціцца ў падарожжа па Еўропе, якое доўжылася ажно шэсць гадоў. Зямны шлях Ханса Крысціяна Андэрсана скончыўся 4 жніўня 1875 года ў Капенгагене. У дзень пахавання славутага казачніка была абвешчана нацыянальная жалоба.
З 1956 года раз на два гады прысуджаецца Залаты медаль Ханса Крысціяна Андэрсана — вышэйшая міжнародная ўзнагарода ў сучаснай дзіцячай літаратуры. Гэтым медалём узнагароджваюцца пісьменнікі, а з 1966 года — мастакі за ўнёсак у развіццё дзіцячай літаратуры. У 1973 годзе мядаль атрымаў Васіль Вітка, у 1986-м — Эдзі Агняцвет.