Наталля БУЧЫНСКАЯ. Танцы ў класічным стылі
Авечка Адэля гартала часопіс пра фітнес, а козачка Малімонка задумліва разглядала свае капыткі.
— Паслухай, Адэлька, — нясмела пачала яна, — я хацела б навучыцца прыгожа танчыць.
— Ты і так вечна скачаш! Абы музыка дзе зайграла — адразу ў скокі.
— Дык то скокі! А я хачу прафесійна танчыць. Каб не сорамна было нават на сцэну выйсці.
Пачуўшы пра сцэну, Адэля натапырыла вушкі.
— Неблагая думка! Мне, як зорцы тэлебачання, сапраўды трэба падвучыцца. Спіс талентаў патрабуе неадкладнага папаўнення. Зараз знойдзем якую-небудзь студыю…
І абедзьве паглыбіліся ў вывучэнне газетных абвестак пра набор у харэаграфічныя гурткі. Іх была процьма. Але ўсе яны прапаноўвалі навучыць танчыць хлопцаў і дзяўчат. І ні слоўца — пра авечак, катоў, сабак, кароў. Аднак Адэля схапіла тэлефон і хутка набрала патрэбны нумар.
— Алё! Вітаю вас! Мяне завуць авечка Адэля. Я вядомая тэлевядучая і зорка. Хачу разам з Малімонкай запісацца ў танцавальную групу. — Адэля прыслухалася да адказу і ўзрушылася:
— Што значыць — не? Вы нават не ўяўляеце, каму адмаўляеце…
Але з ёй развіталіся. Адэля набрала наступны нумар. Але раз за разам авечцы адмаўлялі. Пасля чарговага няўдалага званка Малімонка спытала:
— Адэлька, чаму яны нам адмаўляюць?
Адэля кінула трубку і нервова забегала па пакоі.
— А хто яго ведае. Параілі ў цырк звярнуцца.
— Дык здорава, Адэлька! Хутчэй звані ў цырк! Жывёлы там і танцуюць, і жангліруюць, і спяваюць, і нават на веласіпедах катаюцца!
— Не, даражэнькая, — адрэзала авечачка. — Няхай у цырку за драбок цукру каго іншага муштруюць. Думаеш, там жывёл танчыць вучаць? — запыталася яна ў козачкі. — Дурнічка! Іх там ДРЭ-СІ-РУ-ЮЦЬ!
Малімонка нервова пракаўтнула сліну, а Адэля станавіта заявіла:
— Не хачу, каб мяне дрэсіравалі!
— Дык што рабіць, Адэлечка? — Я так хацела навучыцца танчыць…
— Значыць, навучышся! Мы з табой уладкуемся ў найлепшую студыю!
Сканіруй QR-код, каб прачытаць працяг гісторыі і даведацца больш пра авечку адэлю — вядомую гераіню Наталлі Бучынскай
Праз колькі дзён Адэля з Малімонкай стаялі ў залі Вялікага тэатра, дзе праходзілі заняткі па класічным танцы. Адэля прыкмеціла кіраўніка студыі і рашуча накіравалася да яго.
— Добры дзень! Мы хочам запісацца ў вашу студыю!
Кіраўнік ажно папярхнуўся.
— Хм! А вы ўжо дзе-небудзь вучыліся танцаваць? — спытаў ён.
— Дэбютавалі на сцэне фермы “Каляроўка” падчас тэатральнага сезона, — уплішчыла слоўца Малімонка.
— Кхе-кхе, — нешта закашляўся кіраўнік. — Але мы ўжо не першы тыдзень працуем над праграмай. Будзе цяжкавата прыстасавацца.
— Нічога! Мы кемлівыя і старанныя. Як бачыш усё засвоім.
— Наўрад вы зможаце трымаць тэмп. Ды і прагарама класічнага танца зусім вам не падыходзіць!
— Вы упэўнены, што жывёлы толькі гапака скакаць могуць?.. Ведаеце, гэта ўціск! — абурылася Адэля.
Кіраўнік хацеў яшчэ нешта запярэчыць, але перадумаў:
— Добра! Ідзіце, пераапранайцеся. Заняткі пачнуцца праз тры хвіліны.
Адэля грацыёзна прадыбала ў цэнтр залі ў лімонна-жоўтай балетнай пачцы. За ёй няўпэўнена тупала Малімонка, убраная, як і ўсе дзяўчаткі, у сціплую пачку сіняга колеру.
Адэля, агледзеўшы дзяўчат-танцорак, насмешліва пырснула і зашаптала Малімонцы.
— Паглядзі! Нейкія празрыстыя! Быццам ім есці тыднямі не даюць.
Адэля прыняла паставу, з якой пачынаўся танец, і грозна зіркнула на разгубленую Малімонку. Загучала музыка…
…Ох! Што пачалося… Танцоры круціліся на адной ножцы, падскоквалі, робячы ў паветры “нажнічкі”. Іх рухі былі такія імклівыя, што нашы танцоркі не паспявалі іх толкам разгледзець. А каманды кіраўніка былі незразумелыя! Карацей, хто бачыў балет і ўяўляе, як выглядаюць усе гэтыя павароты, кручэнні, піруэты і фуэтэ, той зразумее, як пачуваліся нашы пакутніцы. Праз некалькі хвілін яны ледзьве дыхалі. І нічога смешнага! Паспрабавлі б вы танчыць у футры! Ды яшчэ пачка зверху!
Падчас перапынку спатнелыя авечачка і козачка ледзь дашкандыбалі да распранальні. У знямозе прыхінуліся да сцяны і паціху спаўзлі на лаўкі. А дзяўчаткі і хлопцы нават не прыселі. І ніхто з іх не дыхаў, высалапіўшы язык. Яны весела абмяркоўвалі нешта сваё, раз-пораз з прыхаванай усмешкай паглядаючы на спакутаваных танцорак.
— На сёння хопіць! — прамовіла Адэля, ледзь толькі з залі пачулася каманда аб працягу заняткаў. — Я чытала, што нагрузкі звышнормы шкодныя для арганізма. Нават для такіх трэніраваных, як мы з табой!
Выбраўшыся з памяшкання, яны неяк адолелі лесвіцу і плюхнуліся на траўку проста ў скверыку каля тэатра. І нават абмяркоўваць свой першы танцавльны досвед не сталі.