Алена СТЭЛЬМАХ. ПАВУЧОК СЛАВІК
Славік з захапленнем слухаў, як дзяўчаткі шчабяталі, наперабой расказваючы пра свае школьныя клопаты. Дасціпны павучок ведаў нават дзявочыя сакрэты: Міле падабаўся Косцік — хлопчык з паралельнага класа, а Машы прыслаў запіску аднакласнік Мікіта. Што ён пісаў, павучок даведацца не змог, бо дзяўчынкі чыталі запіску шэптам, а пасля доўга хіхікалі.
Славік час ад часу кідаў позірк у вакно. Там восень мяняла фарбы. Навокал было вельмі прыгожа, пакуль не задажджыла. Яго цёплы куточак з шэрай халоднай вуліцай раздзяляла толькі шыба. І ён па-свойму радаваўся някепскаму жыццю.
Усё ішло сваім парадкам, пакуль не выпаў снег. Першы здзівіўся Славік. Ён ніколі не бачыў, каб кругом было так бела. На дрэва, што стаяла побач з іх домам, прыляцела варона. Пад цяжарам птушкі галінка здрыганулася, і з яе пасыпаліся лёгкія пушынкі.
— Які цуд! — вырвалася ў зачараванага відовішчам Славіка.
— Так-так! — падтрымаў яго кактус Містэр Сэм, для каторага снег таксама заставаўся дзівам, хоць і бачыў ён яго ўжо не першы год.
— Снег! Ура, выпаў снег! — пачуліся шчаслівыя галасы дзяўчынак, калі яны нарэшце здагадаліся, чаму так пасвятлела на вуліцы.
— Злепім бабу!
— Пагуляем у снежкі! — наперабой крычалі Маша з Мілай, шчыра радуючыся надыходзячай зіме.
Дзяўчынкі кінуліся да вакна, адхінулі фіранку, а там… Ад нечаканасці яны забыліся пра тое, што іх толькі што так прыемна ўразіла.
На дзяўчынак глядзеў Славік. Прырода зрабіла яго чорным, галаву злучыла з грудзьмі, надзяліла чатырма парамі ног. Такія ўжо яны істоты — павукі. Як вядома, яны туляцца да людзей, каб несці ім карысць, папярэджваючы ў патрэбны момант пра небяспеку або прадказваючы добрыя навіны ў хуткім часе.
У большасці павукоў восем вачэй. І вочы Славіка выпраменьвалі дабрыню, памножаную ў некалькі разоў. Але каму яна была патрэбная, тая яго дабрыня?!
— Фу, павук! Якая брыдота! — скрывілася Міла.
— З дзяцінства не цярплю павукоў! — падтрымала сястрычку Маша.
Ад такіх слоў Славік проста знямеў. Ён не мог ні пра што думаць у гэтую адчайную хвіліну.
Спалохаўся за сябра і любімец дзяўчатак Містэр Сэм. Ён ніколі не чуў ад сястрычак такой знявагі.
Здалося, збянтэжылася сама радасць, стаўшы раптоўна нікому не патрэбнай.
У гэты напружаны момант у пакой увайшла маці. Міла і Маша кінуліся было да яе за ратаваннем, але яна, імгненна зразумеўшы, у чым справа, сказала:
— Дзяўчынкі, павучок прынёс нам такую прыемную навіну — першы снег. Навошта ж нам яго крыўдзіць? І тым больш не варта яго баяцца! Ён жа такі маленькі і бездапаможны. На свеце шмат незвычайнага, і да ўсяго трэба ставіцца з разуменнем, усё трэба любіць такім, якое яно ёсць.
Міла і Маша сумеліся. Ім было вельмі сорамна перад Славікам.
— А ён і сапраўды вельмі мілы, — прамовіла Міла, падышоўшы бліжэй да вакна і разглядаючы павучка.
— Не дадзім цябе ў крыўду нікому! — расчулілася Маша і прапанавала: — Давай сябраваць!
Пасмялелы Славік у знак згоды паварушыў лапкай.
І кактус Містэр Сэм перастаў надзімаць ад хвалявання шчокі. Мо ўзялі б і яго бабу снежную ляпіць?