Герой часопіса
Кожны пісьменнік марыць стварыць такога героя, якога б палюбіў чытач. У Васіля Віткі такі герой быў. Гэта шчыры, непасрэдны, цікаўны і дапытлівы Вася Вясёлкін. Зараз Вася Вясёлкін з’яўляецца вядомым талісманам часопіса “Вясёлка”. Разам з вамі, любімымі чытачамі, ён знаёміцца з новай беларускай літаратурай і ўзгадвае класікаў, вучыць новыя беларускія словы і разгадвае сканворды і рэбусы. Вася — верны і любімы сябар дзяцей ужо 60 гадоў.
Васіль ВІТКА
Азбука Васі Вясёлкіна
— Буквар мы пачынаем з А,
І я заўважыць мушу:
Не вельмі цяміць галава,
Хоць і даўгія вушы.
Хапае слоў, апроч асла,
Што пачынаюцца на А:
Арол, акварыум, алень,
Аса, акула, авадзень,
Авёс, алмаз, атара,
Алена і Алеся
І нават акуляры,
Што ты на нос павесіў.
Як закрычыць асёл: — Браткі,
Вось для чаго мне агуркі!
Ў мяне іх — цэлая гара.
За розум брацца мне пара.
Як з’ем апошні агурок —
Урок засвою назубок.
10 год таму ў Васі з’явіўся сябар — буслік Буся. Яго стварылі Уладзімір Ліпскі і Раіса Баравікова. Пазнаёміцца з ім можна не толькі на старонках кніжкі “Бусева школа казкі”, але і ў часопісе для самых маленькіх “Буся”. Вялікая колькасць дзяцей ужо пасябравала з Бусем. Калі ў вас, шаноўныя чытачы, ёсць маленькія брацікі ці сястрычкі, пазнаёмце іх з вясёлым і цікаўным буслянём, якое жыве на старонках “Бусі”.