Казачная фея і яе героі
Уявіце сабе, што вы ўзялі з паліцы кнігу — і тут адбыўся сапраўдны цуд… З яе старонак да вас выйшла Кніжная фея, якая прыдумала гісторыі, напісаныя ў гэтай кнізе! Фея пазнаёміць вас з героямі казак, якія пад вокладкай чакаюць сваіх чытачоў. Па ўзмаху чароўнай палачкі перад вамі будуць з’яўляцца цікавыя персанажы, якія стануць вам добрымі сябрамі і запросяць на госці ў дзівосны свет фантазіі.
Я — Кніжная фея, ствараю для сваіх дарагіх чытачоў чароўныя, цікавыя, вясёлыя, прыгодніцкія, а часам нават страшныя гісторыі. А калі прыходжу… дакладней, я прылятаю на крылах натхнення на сустрэчу з хлопчыкамі і дзяўчынкамі — казка ажывае. Вельмі любяць дзеці асабіста пазнаёміцца з маімі персанажамі: іншапланетным хлопчыкам Вухуцікам, абаяльнай лісачкай Красуняй, вясёлым Падабайкам, таямнічым Ліловым цмокам, загадкавым Змрочным птахам, дзівакаватым Панеёлусам Матыльковым ды іншымі казачнымі асобамі і чароўнымі атрыбутамі.
Вывесці маіх герояў са свету казкі ў рэальнае жыццё мне, Кніжнай феі, дапамагае мая цудоўная сяброўка Майстрыца-чараўніца, якую завуць Вольга Лапіна. Менавіта яе залатыя рукі матэрыялізуюць мой свет фантазіі, увасабляюць персанажаў, ствараюць на яве чароўныя атрыбуты. І адбываецца гэта праз сапраўдны цуд! Майстрыца-чараўніца прама са старонак выводзіць маіх герояў і перадае мне іх, рэальных, у рукі. Асаблівыя пачуцці я перажываю, калі ўпершыню бачу іх, дакранаюся. А далей у нас пачынаюцца сапраўдныя літаратурныя гастролі! Кніжная фея і яе казачныя сябры адпраўляюцца на шматлікія сустрэчы з чытачамі ў бібліятэкі, школы, кніжныя крамы.
Вельмі падабаюцца хлопчыкам і дзяўчынкам цікавыя і незвычайныя персанажы. Як прызнаюцца дзеці, знаёмства адразу ператвараецца ў сяброўства, па заканчэнні сустрэчы развітвацца не хочацца і вельмі карціць забраць новых сяброў з сабой і пазнаёміцца бліжэй. Так і адбываецца! Чытачы бяруць кнігі і чытаюць іх, а гэта значыць, адпраўляюцца ў дзівосны свет казкі і разам з героямі праходзяць праз усе прыгоды, забавы і выпрабаванні. І з Кніжнай феяй дзеці не расстаюцца, бо яна адкрывае ім таямніцу, як можна сустрэцца з ёй у любы час і ў якім заўгодна месцы. Вось што кажа фея дзецям:
— Ведайце, мае дарагія сябры, як толькі вы возьмеце любую маю кнігу і пачнеце чытаць, я невідзімкай з’яўлюся побач і буду назіраць за вамі. І, калі ўбачу, што кніга вам падабаецца, ведайце, у гэты момант я ўсміхаюся, бо маё сэрца квітнее ад радасці і я адчуваю сябе самай шчаслівай феяй у сусвеце! І робіце такой мяне вы, мае любімыя чытачы!
Кацярына ХАДАСЕВІЧ-ЛІСАВАЯ