Радзімазнаўства
З гадамі вельмі часта ловіш сябе на думцы, што ты зрабіў дзеля іншых — дзеля блізкіх і родных людзей, дзеля памяці пра тых, хто пайшоў з жыцця і каму ты нечым абавязаны, дзеля сваёй вялікай Радзімы і дзеля роднага куточка, роднай староначкі. Якія б мы прафесіі ў жыцці ні абралі, якія б краіны свету ні аб’ехалі, у якіх бы хацінах ці палацах ні жылі, гэта пытанне будзе, паверце, трывожыць. Сёння ці заўтра, ці, можа быць, на самым завяршэнні жыццёвага шляху. Бо, жывучы сёння, мы рухаемся да вечнага жыцця. Наша свядомасць патрабуе ўсведамлення, дзеля чаго мы прыйшлі ў жыццё і ці спраўдзіліся мы ў ім…
Мо задужа па-даросламу я пачынаю размову пра маё любімае слоўца “радзімазнаўства”? Хаця ўсе мы, што ў шэсць-сем гадоў, што паўвека пражыўшы, усведамляем, дзе мы, у якой краіне, у якім наваколлі жывём, у якую школу ходзім альбо дзе працуем. Кожны, канешне, усведамляе па-рознаму. У залежнасці, дарэчы, не толькі ад узросту.
Жыву і працую я ў Мінску. Мая родная вёска — Зацітава Слабада на Пухавіччыне, на памежжы Міншчыны і Пухавіччыны. Праедзеш колькі кіламетраў па аўтамабільнай дарозе ў бок Бабруйска — і ты ўжо патрапіш у Асіповіцкі раён Магілёўскай вобласці. Можна заехаць у Лапічы, дзе ў пасляваенны час служыў афіцэрам будучы народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў. Яго аповесці яшчэ доўга будуць расказваць чытачам усяго свету пра чалавечыя пакуты і выпрабаванні ў Вялікую Айчынную вайну. А можна ўсё ж дабрацца да самага Бабруйска, які з той страшнай вайны падараваў яшчэ і такую назву — “Бабруйскі кацёл”. Гэта тысячы салдат вермахта, тысячы фашысцкіх бандытаў былі акружаны пры рашучым наступе аперацыі “Багратыён” у Бабруйску і яго прыбярэзінскіх ваколіцах. А можна нікуды не ехаць, а проста пахадзіць ваколіцамі маёй Зацітавай Слабады. Зазірнуць у Бойню — лес, дзе і вораг хаваўся, дзе і партызаны знаходзілі сабе прытулак. Альбо пайсці ў другі бок, да мястэчка Пухавічы. У мясцовай сярэдняй школе імя былога яе вучня — акадэміка Арнольда Смеяновіча — у розныя дзесяцігоддзі вучыліся таленавітыя людзі: генерал-лейтэнант Яўген Мікульчык, акцёр-купалавец Аляксандр Лабуш, два Героі Савецкага Саюза — лётчык, паветраны ас Мікалай Шут і камандзір стралковай роты Васіль Тарлоўскі.
Радзімазнаўства… У гэтым слове — і памкненні нешта важнае ведаць, нешта новае адкрываць пра свой родны край. У ім — і вечны клопат адпавядаць роднай старонцы, быць блізкім да адной і другой ракі (у мяне іх дзве — Цітаўка ля роднай вёскі ўпадае ў Свіслач), трымаць у памяці лясныя сцежкі ў той самай Бойні, Беразянцы, Раўчаку ды іншых блізкіх лясных вёсачках… А яшчэ — памятаць родныя словы, прыказкі і прымаўкі, якія падаравалі мае прашчуры… Яны і такое казалі: “Паехаў Ян у сне за акіян, а як прачнуўся — дамоў вярнуўся”; “Салавей — не сарока, бярэ нізка і высока”. І загадкі загадвалі. Ды такія прыгожыя… “Срэбны ражок узлез на стажок”. Гэта месяц. “Зверху неба, знізу неба, а я па ім у чаўне еду”. Гэта возера…
Радзімазнаўства… Гэта і веданне пра сваю Радзіму, і служэнне ёй, і разуменне, што яна, Радзіма, малая і вялікая, кропка на карце і бязмежная, багатая краіна Беларусь, — адна. На ўсё жыццё. На ўсе вякі. Радзімазнаўства — гэта і вера ў тое, што лепшай долі, як у родным краі, нідзе і быць не можа.
Алесь КАРЛЮКЕВІЧ