Крыніца ведаў
Амаль што 45 год таму, 14 ліпеня 1978 г., у Цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы імя М. Астроўскага сабраўся гарадскі Савет народных дэпутатаў. Яны прымалі важнае рашэнне — ці трэба ствараць цэнтралізаваную сістэму бібліятэк для дзяцей? Адказ быў упэўнены — канешне, трэба!
Самастойную Цэнтралізаваную сістэму дзіцячых бібліятэк стварыли 8 студзеня 1979 г.
Cёння ў склад Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк г. Мінска ўваходзіць 18 бібліятэк. У іх захоўваецца больш за 900 тыс. дакументаў: кніг, часопісаў, газет і іншых. Карыстаюцца паслугамі гэтых бібліятэк 120 тыс. чалавек!
Бібліятэка сёння — не толькі кнігасховішча, але і важны сацыяльны інстытут, крыніца ведаў. Яна адкрытая, запатрабаваная і, галоўнае, даступная для ўсіх. Гэта бяспечнае і камфортнае месца для развіцця асобы, зона чытання, адукацыі, творчасці, вольнага часу, цэнтр інтэлектуальнага развіцця.
Кожны, хто працуе ў бібліятэцы, памятае, што гэта не проста месца, дзе захоўваюцца кнігі. Важна, каб сучасная бібліятэка была сапраўднай пляцоўкай для самаразвіцця і адукацыі. Кіраўнікі і супрацоўнікі кожнай з 18 бібліятэк, якія ўваходзяць у структуру Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк, імкнуцца такую пляцоўку стварыць.
Юныя чытачы кажуць: “У дзіцячай бібліятэцы можа быць не толькі цікава, але і камфортна, як дома”. У сістэме дзіцячых бібліятэк надаюць гэтаму пытанню вялікае значэнне.
Таццяна ШВЕД,
дырэктар Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк г. Минска