Да 80-годдзя пісьменніка Міколы Чарняўскага
Мікола ЧАРНЯЎСКІ
Зімовы баль
Здзівіўшы бялюткай абновай,
Зіма-чараўніца прыйшла…
Парошаю-пухам дубровы,
Лясы ўсе, палі замяла.
Зірнула наўсцяж раніцою —
Ні сцежак, ні жоўтай травы…
“Кудою, прывабнай такою
Паеду на баль снегавы?
Дамоўлюся, можа, з бярозкай?..
Бярозка, аддай грабянец.
Каб я з самай дзіўнай прычоскай
Прыйшла, як у храм, пад вянец!”
Сказала бярозка: “За тое,
Што холад прынесла ты нам,
Свайго грабянца нізашто я
У рукі твае не аддам!..”
Узвыла зіма, завіруха
Прабегла па чыстых палях,
Сукенку аздобіла пухам
У срэбна-зіхоткіх агнях…
Каб зімцы аддзячыць, суцешыць
На свяце мяцеліц-гасцей,
Ёй белыя косы расчэшуць
І лыжы, і санкі дзяцей.
Мікола Чарняўскі (16.01.1943) — беларускі пісьменнік, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь. Лаўрэат прэміі Янкі Маўра. Аўтар вялікай колькасці кніг для дзяцей.