Тамара БУНТА. АДДАДЗІМ КАЦЯНЯТ У ДОБРЫЯ РУКІ
Мурка прынесла на кухню кацянят. Прынесла з кладоўкі, адно за адным, зубамі за шкірку. Паклала дзетак на свой дыванок каля ацяпляльнай батарэі. Дзівіцеся, маўляў!..
Кацянят было сем: белае, чорнае, рыжае, бела-чорна-рыжае, бела-рыжае з чорнай плямкай пад носам, чорна-рыжае з белай грудкай і чорнае з белымі лапкамі. Маленькія пухнацікі, у якіх толькі-толькі разляпіліся вочкі, папісквалі.
Усе сабраліся паглядзець на Мурчыных дзетак. Дзеці – Соня, Сеня і Уладзік – адразу пачалі дзяліць пухнацікаў.
– Гэта будзе маё кацяня!
– А гэта маё! Не, лепш гэта!..
– А я бяру дваіх!
Аднак тут умяшалася бабуля.
– Кацяняты не цацкі, каб з імі гуляцца! – патлумачыла яна. – Гэта жывыя істоты, іх трэба карміць і даглядаць.
– Бабулечка, ну хоць імёны можна ім даць? – запытала Соня.
– Гэта можна! – пагадзілася бабуля. – Толькі імёны – у людзей, а ў жывёл – мянушкі. Даручаю вам прыдумаць іх!
Дзеці селі вакол кацянят – хто на кукішкі, хто проста на падлогу.
– Белае кацянятка няхай будзе Сняжок! – прапанавала Соня. – А чорнае – Дымок!
– А рыжае – Рыжык! – радасна падхапіў Сеня.
– Ну для іх мянушкі лёгка было прыдумаць! – пачухаў за вухам Уладзік. – А як клікаць вось гэтае кацяня – бела-чорна-рыжае, самае жвавае?..
Бела-чорна-рыжы пухнацік, сапраўды, пастаянна варушыўся, тузаўся, круціўся і спаўзаў з дыванка, быццам хацеў збегчы.
– Сняжок-Дымок-Рыжык! – пажартаваў Сеня.
– Не выдумляйце абы што! – запярэчыла Соня. – Успамінайце лепей прыгожыя каціныя мянушкі! Барсік… Марсік… Пухнацік…
– Жэўжык! – усклікнуў Сеня. – Памятаеце, як бабуля казала нам: “Не бегайце, жэўжыкі!”
– Так, мянушка Жэўжык вельмі пасуе яму! – пагадзілася Соня. – А вось гэтае кацяня, бела-рыжае, назавём Вусачом! Бачыце, у яго на пысцы – чорная плямка. Кацяня з-за гэтай плямкі быццам вусатае!
– Кацяня з-за гэтай плямкі быццам мурзатае! – засмяяўся Уладзік. – Таму назавём яго Мурзікам!
Чорна-рыжае кацяня з белай грудкай, якое ўвесь час спала і вуркатала, назвалі Вуркоцікам…
Без мянушкі засталося чорнае кацянятка з белымі лапкамі, самае дробнае. Соня асцярожна ўзяла яго ў прыгарашню. Кацяня запішчала і пачало драпаць лапкамі Соніну далонь.
– Ну, чаго ты драпаешся? Чаго капрызіш? – ласкава спытала яго дзяўчынка. – Вой, давайце клікаць яго Капрызікам!
Хлопчыкі пагадзіліся.
Тут на кухню зайшла бабуля. Дзеці расказалі ёй, як яны назвалі кацянят.
– Малайцы! – пахваліла бабуля ўнукаў. – Вось толькі Дымок – гэта Дымка, а Капрызік – гэта Капрызка! Бо яны – не каты, а котачкі!
Праз два месяцы, калі кацяняты пабольшалі і памацнелі, па іх пачалі прыходзіць людзі.
Дзеці самі напісалі аб’явы на аркушах са школьнага сшытка:
“АДДАДЗІМ КАЦЯНЯТ У ДОБРЫЯ РУКІ!”
У выхадны дзень яны разнеслі і прыляпілі аб’явы на пад’ездныя дзверы ўсіх дамоў наўкол.
Сняжка забралі ў панядзелак, Рыжыка – у аўторак, Дымку – у сераду, Мурзіка – у чацвер, Жэўжыка – у пятніцу, Вуркоціка – у суботу, Капрызку – у нядзелю… Дома засталася толькі Мурка.
Дзеці ўважліва аглядалі кожнага, хто прыходзіў па кацянят: добры чалавек ці не добры? Усе людзі на выгляд былі ўсмешлівыя, ветлівыя, прыязныя і да пухнацікаў ставіліся з замілаванасцю.
Вядома, шкада было аддаваць кацянят, аднак нічога не зробіш! Кожнай хатняй жывёліне патрэбны свой дом і свой гаспадар.
У нядзелю ўвечар Соня, Сеня і Уладзік сядзелі сумныя. Без бела-чорна-рыжых пухнацікаў у кватэры стала пуста і сумна. Дзеці ўспомнілі, як прыдумлялі кацянятам мянушкі.
– І навошта было так доўга галаву ламаць?! – уздыхнуў Уладзік. – Каб ведалі ўсё напярод, назвалі б кацянят па-простаму: Панядзелак, Аўторак, Серада, Чацвер, Пятніца, Субота і Нядзеля!
Тут у пакой увайшла Мурка і самотна мяўкнула.
– Эх, Тыдзень, не сумуй па сваіх дзетках, – палашчыў котку Сеня. – Мы аддалі іх у добрыя рукі!