Да юбілею беларускай паэткі Зоські ВЕРАС
Зоська ВЕРАС
ЧАРОЎНЫ КРАЙ
Сыночку маленькі, ты ручку мне дай,
Увяду ця’ ў чароўны, у нязведаны Край,
Вузенькай мяжою мы пойдзем ўдваіх;
Так мякка, на’т крокаў ня ўчуем сваіх,
Так мякка, прыгожа, пахуча… ах рай!
Сыночку маленькі, ты ручку мне дай…
Глянь, жыта красуе-расуе кругом,
Русалкі-казыткі хаваюцца ў ём.
А зайчык, прысеўшы ля самай мяжы,
На жабу міргае: “Дзе я — не кажы”.
На лузе зялёным пан бусел стаіць,
Над ім ўецца кніга і кліча: піць-піць!
Шнур гусак на сонцы бліснуў, закрычаў,
Спусціўся і ў лозах-чаротах прапаў.
На возера ў чыстай-празрыстай вадзе
Лілея свае карагоды вядзе…
Камарыкі роем “лявоніху” скачуць…
Ля берага вербы хістаюцца, плачуць…
Чаго яны плачуць? Ты сэрцам згадай…
Сыночку маленькі, ты ручку мне дай.
ШТО ЗА З’ЯВА?
Што за з’ява? Што за дзіва?
Лес і поле, луг і ніва
Зазвінелі ціхім тонам,
Ні то песняй, ні то звонам.
Йдзе валошка з шыпшынаю,
Там бяроза з калінаю,
Далей, узяўшысь за лісточкі,
Йдуць стакроткі моў вяночкі.
А за імі — брат-сястрычка
І зязюлька невялічка,
Мак чырвоны, драсён белы
І званочкаў букет цэлы.
Йдуць дарогай, йдуць мяжою,
Усе спяваюць грамадою.
Людвіка Антонаўна Сівіцкая-Войцік (30.09.1892—08.10.1991) нарадзілася ў шляхецкай сям’і. Яна грала ў тэатры, ладзіла літаратурныя сустрэчы і вельмі цікавілася раслінамі і пчоламі. Нават стварыла часопіс “Беларуская борць” і выдала “Беларуска-польска-расейска-лацінскі батанічны слоўнік”.