ВЯРБЛЮД І ШАКАЛ
ВЯРБЛЮД І ШАКАЛ
Індыйская казка
Галодны Шакал прыбег да ракі і ўбачыў на процілеглым беразе вёску. Як вядома, у вёсцы заўсёды ёсць чым пажывіцца. Але як перабрацца праз раку? Паклікаў ён Вярблюда і кажа:
— Я ведаю, дзе расце шмат цукровага трыснягу. Я пакажу гэтае месца, калі ты перавязеш мяне на другі бераг.
— Добра, толькі моцна трымайся за горб, — пагадзіўся Вярблюд.
Калі яны пераплылі, Шакал паказаў Вярблюду трыснёг, а сам пабег у вёску. Падкраўся да крайняга двара, схапіў курыцу — і хутчэй памчаўся назад, пакуль яго не заўважылі гаспадары.
А Вярблюд, наадварот, нікуды не спяшаўся, жаваў салодкі трыснёг, ажно сліна цякла. Шакал схаваўся ў траве і моцна зацяўкаў. Пачуўшы яго, прыбеглі людзі. Яны ўбачылі Вярблюда і давай частаваць яго палкамі. Ледзьве ўцёк небарака ад гэтых “пачастункаў”. Спыніўся каля рэчкі, хістаецца. Неўзабаве да яго падбег Шакал.
— Уцякайма, пакуль нас не злавілі!
— Сядай мне на спіну, — сказаў Вярблюд, — я цябе назад перавязу.
Схапіўся Шакал за вярблюджы горб, прытворна завойкаў:
— Ах, як шкада, што цябе адлупцавалі…
— Такі ўжо мой лёс, — адказаў Вярблюд, — але навошта ты паклікаў людзей?
— Хіба ты не чуў пра шакаліную звычку? — здзівіўся Шакал. — Калі смачна пад’еў, трэба пацяўкаць, каб у жываце не бурчэла.
— У мяне таксама ёсць звычка, — уздыхнуў Вярблюд, — я люблю сваволіць, калі купаюся.
— Не жартуй, — закалаціўся Шакал, — давай спачатку выйдзем на бераг…
— Я не магу чакаць, — фыркнуў Вярблюд і скінуў з сябе Шакала.
Шакал не ўмеў плаваць, цяўкнуў некалькі разоў і знік пад вадой. А Вярблюд выбраўся з ракі і сказаў:
— У кожнага свае звычкі, але той, хто за дабро адплаціў злом, не пазбегне пакарання.
Пераказаў Уладзімір Ягоўдзік