Уладзімір МАЗГО. МЫ БУДУЕМ АКВАПАРК
Жабкі скачуць вельмі шпарка:
– На будоўлю ква-ква-парка!
Асушылі ўсе балоты –
Не сядзіцца без работы.
Да таго ж самотна дома
Без відовішчаў, вядома.
Ні Канары, ні Мальдзівы
Не заменяць нам радзімы.
Самы час у нас, відаць,
Ква-ква-парк пабудаваць.
Пачынаецца работа.
Прачынаецца спякота.
І ад сонца анідзе
Не ўратуешся ў вадзе.
Пралятае ў небе хмарка
Над будоўляй аквапарка.
Лейкай кропелек махае –
Астудзіць дапамагае.
Бусел рухаецца шчыра
Па камандзе “Майна! Віра!”,
Да яго прыйшла пара
Замяніць пад’ёмны кран.
Мараход ізноў шчыруе,
Вольным часам ахвяруе.
Тут пануюць лад і згода
Пад началам марахода.
Жабкі лапкамі шарк-шарк:
– Мы будуем ква-ква-парк!..
Вабяць вока перамены:
Клічуць новыя басейны,
Каб адчуць на воднай горцы
Мора радасных эмоцый.
Толькі ўміг трывожна стала:
Бусляня ў басейн упала.
Плаваць жа яшчэ не можа.
Хто дзіцяці дапаможа?..
Не згубіўшы ні хвіліны,
Мараход адзенне скінуў
І нырнуў углыб імгненна
За малым на дно басейна.
Як дастаў з вады – ў самога
Уцякла з душы трывога.
Робіць штучнае дыханне,
Праганяе хваляванне.
Буслік, ледзь з зямлі падняўся,
Усміхнуўся: – Дзякуй, Вася!