Уладзімір ЯГОЎДЗІК
ЗАЯЦ І ТЫГР
Афганская казка
У адным лесе жыў магутны Тыгр. Ён шмат гадоў уладарыў у наваколлі, а потым пастарэў і ўжо не мог удала паляваць. Аднойчы Тыгр паклікаў да сябе звяроў і сказаў:
– Хоць я стары, але мае кіпцюры і зубы вострыя. Таму не раю са мной жартаваць. З заўтрашняга дня вы будзеце самі па чарзе прыходзіць мне на сняданак.
Спалоханыя звяры моўчкі з ім пагадзіліся. Праз тры месяцы ў гэтым лесе мала засталося жыхароў. Іх таксама чакала тыгрыная пашча, але Заяц вырашыў адпомсціць ненасытнаму ўладару.
– Напэўна, ты звар’яцеў ад страху, – заківаў галавой Алень. – Хутка твая чарга трапіць яму на сняданак.
Нарэшце той дзень настаў, але Заяц быццам забыўся, што Тыгр чакае яго на спажыву. Пад вечар згаладнелы ўладар так зароў, аж лісце пасыпалася з дрэў. Толькі назаўтра даўгавухі падаўся туды, адкуль назад ніхто не вяртаўся.
– Чаму ты спазніўся? – спытаўся Тыгр – Я зусім не спаў, бо застаўся галодны.
– Шаноўны ўладар, – пакланіўся Заяц, – я ляцеў хутчэй за вецер, але мяне запыніў яшчэ адзін Тыгр. Ён так схапіў мае вушы, што я ледзь вырваўся.
– Я заб’ю гэтага нягодніка! – раз’юшана зароў Тыгр.
– Я ведаю, дзе ён схаваўся, – усміхнуўся Заяц і прывёў уладара да глыбокага калодзежа.
Заглянуўшы ў калодзеж, Тыгр убачыў свайго саперніка. Ён кінуўся да яго ўніз галавой і знік пад вадой. Больш яго ў лесе не бачылі.