Крышку пра кніжку
Дзеці — шэдэўр!
У серыі “Бібліятэка часопіса “Вясёлка” — новае выданне. Аўтар выдання, Анастасія Радзікевіч, у займальнай гульнявой форме апавядае пра найвыдатнейшых мастакоў, іх лёсы, карціны, якія захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Апісвае ўспрыманне і ўражанні сучасных дзяцей пасля знаёмства з такімі творамі, як “Партрэт дачкі Алёны” Уладзіміра Макоўскага, “Партрэт сына” Віктара Васняцова, “Дзяўчынка ў блакітнай сукенцы” Івана Хруцкага, “Першая песенька” Антона Бархаткова… На старонках можна пабачыць не толькі класічныя карціны, але і сучасных дзяцей, падобных на герояў карцін. Мастачка Яна Войцік па-сучаснаму апрацавала фота, пераапрануўшы іх у старадаўнія строі. Адбылася сустрэча праз стагоддзі, вось такая арыгінальная знаходка, якую пяць гадоў таму першымі пабачылі чытачы часопіса “Вясёлка”! Мабыць, вы ці вашыя старэйшыя брацікі і сястрычкі ўжо тады чыталі часопіс?
Замовіць выданне можна па спасылцы
УВАГА, КОНКУРС!
Зрабіце свой праект “Дзеці ў шэдэўрах мастацтва”. Перамалюйце вядомую карціну з дзецьмі, зрабіце малюнак у стылі пэўнага мастака ці апішыце свой любімы мастацкі твор, у якім ёсць дзеці. Дасылайце конкурсныя работы на адрас рэдакцыі: вул. Кальварыйская, 25, пам. 309 з паметкай “Дзеці ў шэдэўрах мастацтва” ці на электронную пошту: vyaselka2011@yandex.by да 30 лістапада. Вынікі падвядзём у № 12.
Аўтары лепшых прац атрымаюць кнігі Анастасіі Радзікевіч “Дзеці ў шэдэўрах мастацтва” з аўтографам аўтара.