Вітаем новага галоўнага рэдактара!
Давайце вучыцца ганарыцца!
Усё, што робіцца для дзяцей, — самае светлае і яскравае. Мы вучым іх на сваім прыкладзе шчыра любіць мову, Радзіму, культуру, бацькоў, кнігі, часопісы. Ствараем для іх цікавыя тэксты, знаёмім з дзіцячымі пісьменнікамі і мастакамі. Мы любім нашых чытачоў — яны самыя шчырыя, дасціпныя, добрыя, старанныя, а галоўнае — верныя.
Вясёлкаўцы — каманда, падабраная вядомым беларускім пісьменнікам, які ўзначальваў часопіс амаль 43 гады, — Уладзімірам Ліпскім. Каманда — гэта лепшыя творцы, якія працуюць для дзяцей. У “Вясёлцы” ёсць аднадумцы, таму ўсё і ладзіцца!
Я таксама вучылася на працягу шаснаццаці гадоў працаваць у такім выдатным і слынным часопісе. Мы з вамі сустракаліся на старонках нашага часопіса і падчас прэзентацый. Разам атрымоўвалі дзяржаўныя і міжнародныя ўзнагароды, радаваліся, што наша праца так высока адзначаецца. Вялікі гонар, што сёння мне пашчасціла пасля такіх мэтраў беларускай літаратуры ўзначаліць часопіс “Вясёлка”.
У часопісе, як і ў прыроднай вясёлцы, — розныя колеры, іх шмат, значна болей за сем. Таму і часопіс з яго шматкаляровасцю запатрабаваны. У творах, што змяшчаюцца на старонках выдання, з’яўляюцца новыя сучасныя тэмы, а таксама ёсць і будуць вечныя матывы: Радзіма, бацькі, прырода, святы, сябры, дабро, прыгажосць… Мы будзем і надалей найперш тлумачыць гэтыя простыя ісціны, як тлумачылі нам.
Давайце разам развівацца творча, захоўваць традыцыі, паважаць адзін аднаго, ніколі не засмучацца па дробязях і вучыцца ганарыцца дасягненнямі!
Анастасія РАДЗІКЕВІЧ, галоўны рэдактар часопіса “Вясёлка”