Крышку пра кніжку
Штогод 2 красавіка, у дзень нараджэння вялікага казачніка Ханса Крысціяна Андэрсэна, ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень дзіцячай кнігі. Свята было ўстаноўлена па ініцыятыве Міжнароднага савета па дзіцячай кнізе ў 1967 г. То бок, у гэтым годзе святу ўжо 55 гадоў!
Калі з нагоды гэтага свята ты думаеш, што ж з казак сучасных беларускіх пісьменнікаў пачытаць, — мы прадабралі тры выданні, якія табе дакладна спадабаюцца!
Алена СТЭЛЬМАХ
“Супоўніца Міла”
Гэта добрая, сардэчная казка пра непрыкметныя на першы погляд рэчы, якіх багата вакол нас. Многія з іх з цягам часу становяцца для чалавека найвялікшай каштоўнасцю. Пацвярджэннем таму — гісторыя чароўнай супоўніцы Мілы, мара якой — хутчэй з паліцы крамы трапіць на стол, каб яднаць вакол сябе ўсю сям’ю.
Аляксандра ХАМЯНОК
“Італьянскае падарожжа”
Аднайменная аповесць, якая стала кнігай Аляксандры Хамянок, — гэта споведзь адзінаццацігадовай Каці. Яна страціла маму і жыве з дзядзькам і цёткаю. У межах праграмы дапамогі дзецям-сіротам дзяўчынку адпраўляюць на адпачынак у Італію. Але доўгачаканае падарожжа аказваецца зусім не такім, якім уяўлялася Каці. Яе акружаюць незнаёмыя, зусім розныя, маладыя і сталага веку людзі — як спагадлівыя, так і грубаватыя. Дзяўчынка не разумее ні слова па-італьянску, сумуе па радзіме і марыць хутчэй вярнуцца дадому. І тым не менш італьянскае падарожжа дапамагло Каці адкрыць новы свет і зразумець¸ што яна ў ім не адна.
Георгій Марчук
“Прыгоды ката Фокуса”
Кот — найлепшы сябра і дзяўчынкі, і бабулі, і ўсіх добрых людзей. Асабліва калі гэта кот Фокус. Прыгодаў з ім мала не бывае: як ратавалі Фокуса, каго ратаваў сам Фокус, як ён быў ільвом — чаго толькі не прачытаеш у гэтай кнізе.