Я помню усё…
Ніна ГАЛІНОЎСКАЯ
Зямля ў агні
Вайна для мяне пачалася ў вёсцы Вялікія Лазіцы, што на Магілёўшчыне. Па шляху з цяжкім гулам каціліся цёмныя грузавікі. “Карнікі едуць! Карнікі едуць!” ¬– панеслася па вуліцы. А вечарам у нашу хату ўваліліся фашысты. Адзін з іх загадаў маме паслаць пасцель на канапе і пакласці пад галаву аж тры падушкі. Відаць, важная птушка.
Карнікі прыязджалі зноў і зноў.
Жыць ў вёсцы стала небяспечна, і мы перабраліся ў лес. Спалі ў зямлянцы – на колкіх яловых лапках. Да самага ранку елкі і сосны спявалі нам калыханку.
Анатоль ВЯРЦІНСКІ
“Дзядзька Лявон” і мы з братам
Ваяваў бацька, ваявалі родныя дзядзькі. Страшэнна хацелася ваяваць і нам – мне і малодшаму брату Валодзю. Асабліва пасля таго, як аднойчы пабачылі на свае вочы партызан. Сапраўднымі ляснымі салдатамі не сталі, вядома, але ўсё ж змагаліся: дапамагалі падпольшчыкам, былі сувязнымі.
Неслі з братам у Камень, дзе знаходзіўся нямецкі гарнізон, запіску, каб перадаць яе “свайму чалавеку”. Дзеля маскіроўкі ўзялі і вядзерца з малаком: хочам, маўляў, прадаць. Знайшлі патрэбнага чалавека, які назваўся дзядзькам Лявонам, аддалі яму таямнічую цыдулку. Ён няспешна прачытаў, уважліва аглядзеў нас і сказаў: “Слухайце мяне, хлопчыкі. Перадайце, што на Царкоўнай гары пакуль што нічога няма. Запомнілі? Ну вось і добра Будзьце асцярожныя, калі спыняць і спытаюцца, кажыце, што прыходзілі на базар”.
Вечарам перадалі вестку падпольшчыку. Праз некалькі дзён збоку мястэчка да нашай вёскі данеслася водгулле стрэлаў і выбухаў. Адразу здагадаліся: існавала нейкая сувязь паміж боем у мястэчку і нашым візітам да “дзядзькі Лявона”.
Сапраўды, ішла вайна народная…
Уладзімір ЛІПСКІ
Згарэлі цацкі
Нашу вёску Шоўкавічы фашысты спалілі на Сёмуху.
Было гэта ў нядзелю. Людзі толькі прачнуліся.
Раптам у вёску ўляцеў на кані партызанскі разведчык. Галопам імчаў па вуліцы і крычаў: “Ратуйцеся! Вас будуць паліць!”
Што рабіць?
Мама ўхапіла ў посцілку мяне, малога. Астатнім дзецям загадала трымацца побач.
Усе шоўкаўцы беглі ў лес. Хаты нашы палыхнулі свечкамі. Згарэлі пабудовы, згарэла ўсё нажытае, што было ў пакоях, у хлявах і скляпах.
Парабілі ў лесе курані, зямлянкі. Там і зімавалі. Харчаваліся, чым бог пашле, што знаходзілі ў лесе, у полі, на папялішчах.
Вясной усе вярнуліся ў пустэльную вёску. Мама расказвала, як мы падышлі да месца, дзе стаяла наша сядзіба, я наўзрыд заплакаў: “А дзе мае цацкі?..” Вось толькі ніяк не магу ўявіць, якія яны былі ў мяне…
Павел МІСЬКО
Жыццё пад кулямі
Мой сябар Алёшка вынес фанерны шчыт на трынозе. Да шчыта прыклеена палавінка газеты. На ёй вугалем намалявана мішэнь, у цэнтры напісана – 10.
– Во тут Гітлер сядзіць, – паказаў дзясятку Алёшка.
Мы, узброеныя рагаткамі, ідзём на аселіцу, бліжэй да дарогі-гравійкі. На той дарозе каменьчыкаў-куляў страляць з рагаткі – хоць жменямі бяры. Стараемся крочыць размашыста, у нагу, нават песню выкрыкваем: “Калі вайна-мяцеліца пачне гуляць, павінны ўмець мы цэліцца, умець страляць!”
Рыгор БАРАДУЛІН
З самаробак – па самалётах
Пачатак вайны запомніўся так: наляцеў нямецкі самалёт. Мы з бацькам беглі па жыце, жыта нават мяне не магло схаваць.
Мы пачалі капаць у агародзе зямлянку. Аднаго разу наляцела некалькі самалётаў. Я быў дома адзін. Ускочыў у зямлянку і слухаў, як нізка, быццам над самай галавой, гуў страх. Калі мама потым спытала, што я рабіў, адказаў: “Баяўся і маліўся Богу”.
Першыя налёты былі нам, малым, не ў страх. Нас ніяк не маглі загнаць пад масток цераз канаву. Летам там было суха. І выцягвалі мы галовы, як кураняты з кошыка, каб паглядзець на самалёт. Неяк і мы, падшыванцы, пачалі з нашай зброі страляць па ім…
Янка СІПАКОЎ
Тое, што не забываецца
Вайну мне давялося перажыць малым хлапчуком. Памятаю, як вайна толькі пачыналася і праз нашу вёску Зубрэвічы адступалі нядаўна мабілізаваныя чырвонаармейцы. Ногі ў абмотках, скатка шыняля, адзетага праз галаву, вінтоўка… Незнаёмы салдат узяў мяне на рукі, прыгарнуў да грудзей, сказаў: “Трымайся, мужчына”. Я і да сёння помню, як муляла мне скатка, і бачу слёзы, што міжволі заблішчэлі ў вачах таго чалавека…
Вайна зрабіла мяне круглым сіраою ў сем гадоў. Я доўгі час уздрыгваў толькі ад аднаго слова – “вайна”.
Ілюстрацыя Віталя ДУДАРЭНКІ