Часопісу “Вясёлка” — 65 гадоў!
Запрашаем прыняць удзел у прэс-мерапрыемстве, прысвечаным 65-гадоваму юбілею дзіцячага часопіса “Вясёлка”.
Дата і час правядзення: 25 красавіка 2022 г. у 16.00.
Месца правядзення: канферэнц-зала выдавецтва “Адукацыя і выхаванне” па адрасе: г. Мінск, вул. Кальварыйская, 25 (3-ці паверх).
Арганізатар мерапрыемства: рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства “Адукацыя і выхаванне”.
Ва ўрачыстым прэс-мэрапрыемстве возьмуць удзел прадстаўнікі выдавецтва “Адукацыя і выхаванне” і Міністэрства адукацыі РБ, беларускія пісьменнікі і мастакі.
Часопіс “Вясёлка” для дзяцей малодшага школьнага ўзросту быў заснаваны ў красавіку 1957 г. Першым галоўным рэдактарам выдання быў Васіль Вітка, якога змянілі на гэтай пасадзе Еўдакія Лось, Анатоль Грачанікаў. Больш за 40 год часопіс узначальваў Уладзімір Ліпскі.
У розныя гады на старонках “Вясёлкі” друкаваліся Лідзія Арабей, Мікола Чарняўскі, Ніна Галіноўская, Міхась Даніленка, Васіль Зуёнак, Казімір Камейша, Уладзімір Карызна, Анатоль Клышка, Ніна Маеўская, Павел Місько, Іван Муравейка, Уладзімір Паўлаў, Мікола Мятліцкі, Васіль Жуковіч, Расціслаў Бензярук, Міхась Пазнякоў, Павел Саковіч, Васіль Ткачоў, Яўген Хвалей і многія іншыя паэты і празаікі, без якіх нельга ўявіць сучасную беларускую літаратуру.
Нельга абмінуць і выдатнае мастацкае аздабленне часопіса “Вясёлка”. Сярод першых мастакоў часопіса выдатныя майстры Анатоль Волкаў, Таццяна Беразенская, Ісак Давідовіч, Валянціна Чэпік, Алена Лось, Пятро Драчоў. Сучасная “Вясёлка” працягвае традыцыі высокай якасці. Над ілюстрацыйным афармленнем працуюць такія вядомыя майстры, як Сяргей Волкаў, Аксана Аракчэева, Віталь Дударэнка, Алег Гуцол, Павел Гарадцоў, а таксама маладыя мастакі Алена Туравец, Галіна Пракапенка, Наталля Дударава.
І сёння рэдакцыя часопіса прытрымліваецца ў рабоце тых кірункаў, якія былі закладзены Васілём Віткам:
- навучыць дзяцей любіць сваю Радзіму;
- прывіць ім любоў да роднай мовы, спадчыны, гісторыі, культуры;
- спрыяць, каб дзеці нашы ўмелі шанаваць людзей, якія выводзяць іх на жыццёвыя пуцявіны: бацькоў і настаўнікаў.
Усё гэта разам і ёсць тая нацыянальная ідэя, увасабленне якой у сэрцах дзяцей робіць іх сапраўднымі патрыётамі.
З “Вясёлкі” вырасла і некалькі самастойных праектаў: гэта, напрыклад, чытанка-маляванка для дашкольнікаў “Буся”, серыя кніг “Бібліятэка часопіса “Вясёлка”, якая выпускаецца выдавецтвам “Адукацыя і выхаванне”.
Часопіс “Вясёлка” — гэта дзіцячае перыядычнае выданне еўрапейскага ўзроўню, дзе шчыруе малады і творчы калектыў. Супрацоўнікам“Вясёлкі” часопіс падараваў першыя словы на роднай мове. І зараз яны робяць усё, каб гэта паўтарылася для беларускіх дзяцей!
У “Вясёлцы” друкуюцца апавяданні, казкі, вершы беларускіх пісьменнікаў, пераклады, загадкі, рэбусы, галаваломкі, песні беларускіх кампазітараў для дзяцей. Плённая праца супрацоўнікаў часопіса заўважана і высока ацэнена: “Вясёлка” ўзнагароджана Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР і Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, тройчы выходзіла пераможцам Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ “Залатая Ліцера” (2004, 2007 і 2010 гг.).