Анатоль ЗЭКАЎ. ЧАМУ ЗЯЗЮЛЯ ГАДЫ ЛІЧЫЦЬ (П’еса-казка)
ДЗЕЙНЫЯ АСОБЫ:
КАЗАЧНІК, СІВАГРАК, ЗЯЗЮЛЯ
КАЗАЧНІК. Жыла-была ў лесе шэрая зязюля Гулюля. А звалі яе так
невыпадкова, бо, пакуль іншыя вялікія птушкі ды маленькія пташачкі гнёзды вілі, Гулюля з дрэва на дрэва пералётвала ды сабою цешылася. Неяк падляцеў да яе Сіваграк.
СІВАГРАК. А ты ўсё гуляеш, Гулюля ? Лепей за справу вазьміся: гняздо будуй. Бо як ліўні зачасцяць ды маланкі зажахаюць, то і схавацца не будзе дзе.
ЗЯЗЮЛЯ. Нічога, я і ў голлі схаваюся.
СІВАГРАК. А яйкі дзе адкладваць збіраешся ды птушанят-немаўлят выводзіць?
ЗЯЗЮЛЯ. А для чаго мне тое патрэбна?
СІВАГРАК. Каб род свой прадоўжыць ды каб зязюлі жылі на зямлі вечна…
ЗЯЗЮЛЯ, Разбяруся як-небудзь. У мяне на гэта – свае намеры.
СІВАГРАК. Што за намеры.? .
ЗЯЗЮЛЯ. Хутка даведаешся.
Сіваграк паляцеў да свайго гнязда.
.
КАЗАЧНІК. Прайшоў нейкі час – і неўзабаве яны зноў сустрэліся.
СІВАГРАК. Прывітанне, зязюлька! Ты, бачу, зноў адна. А дзе ж твае птушаняты?
ЗЯЗЮЛЯ. Няма.
СІВАГРАК. Як няма, калі я бачыў іх сёння раніцой у ельніку? Няўжо не твае?
ЗЯЗЮЛЯ. І мае, і не мае.
СІВАГРАК. Як гэта – і твае, і не твае?
ЗЯЗЮЛЯ. Ды гэта я падкінула яйкі ў гняздо нейкай птушкі.
СІВАГРАК. І птушка не заўважыла?
ЗЯЗЮЛЯ. А як яна заўважыць, калі яйкі амаль аднолькавыя?
СІВАГРАК. Але ж ты ўсё роўна адна. Няма каля цябе тваіх птушанят-зязюлянят.
ЗЯЗЮЛЯ. А навошта яны каля мяне?
СІВАГРАК. Каб навучыць іх жыццёвай мудрасці, ласкай сваёй абагрэць.
ЗЯЗЮЛЯ. Самі навучацца ўсяму. А ласкай хай іншы хто абагрэе.
СІВАГРАК. А як пастарэеш ды цяжка стане крыльцамі махаць? Тады вось і захочаш, каб хто побач аказаўся. Ды нікога з дзетак не будзе.
ЗЯЗЮЛЯ. А калі тая старасць, праз колькі год?
СІВАГРАК. Праз колькі-ніколькі, але ж настане. А што да гадоў, то не нам казаць. Лічы сама…
ЗЯЗЮЛЯ. І злічу. Прама зараз. Ку-ку. Вой, збілася… Пачну спачатку. Ку-ку-ку… Зноў збілася. Ку-ку-ку-ку…
КАЗАЧНІК. З таго часу і чуваць у нашых лясах ад вясны да восені зязюльчына “ку-ку”.
Гэта зязюля Гулюля так гады свае лічыць. Саб’ецца і наноў пачынае. А ўслед за ёй вядуць адлік уласным гадам і людзі. Можа, усім і не варта тое рабіць, а вось матулям, чыё жыццё падобнае на зязюльчына… Ды гэта ўжо, на жаль, не казка.