Анатоль ЗАРЭЦКІ. ЮНЫЯ КАПІТАНЫ
Дождж, які толькі што жвава скакаў па шэрай, набраклай вадой зямлі і гулка барабаніў па тугіх аконных шыбах, неўзабаве знік. Вецер-дажджавоз залівіста прысвіснуў і, злосна стукнуўшы на развітанне аканіцамі, паволі пацягнуў за высокую сцяну зубчатага лесу чараду цёмных хмар.
Па вуліцы, булькочучы ў гразкіх каляінах, хутка імчалі мутныя гарэзы-раўчукі, а на неба, раз-пораз пабліскваючы сваімі дапытлівымі вачыма, выкацілася ружовае, як калабок, сонца. Праз хвіліну то з адной, то з другой хаты амаль адначасова высыпалі шчаслівыя хлапчукі і дзяўчынкі. Гаспадарлівыя дзяўчаткі пачалі штосьці ляпіць з пясчанага месіва, а неўгамонныя хлапчукі, прыціскаючы да грудзей папяровыя караблікі, нацянькі пашыбавалі да вірлівых раўчукоў.
Першы спусціў на ваду свой прыгожы караблік віхрасты Славік. На борце ягонага судна раўнюткімі друкаванымі літарамі было выведзена імя капітана “Слава”. Спрытна гайдаючыся на хвалях, караблік-прыгажун паімчаў па вуліцы. За ім наўздагон пусціліся яшчэ некалькі, і вось ужо заскакаў па вадзе нязграбны караблік сарамлівага Міхаські. На яго борце віднеліся ўсяго тры чырвоныя літары “МІР”, але менавіта яны рабілі караблік значна прыгажэйшым, чым гэта было насамрэч.
Да самай ракі беглі ўслед за сваімі суднамі іх юныя капітаны. Неўзабаве караблікі загойдаліся на хвалях ракі. Некаторыя з іх, апынуўшыся на вялікай вадзе, адразу збаўлялі ход, некаторыя зусім перакульваліся. Толькі некалькі караблікаў яшчэ доўга віднелася ўдалечыні. І Міхаськаў, на борце якога гарэла слова “МІР”, быў першы. Як важак, што вёў за сабой слаўную папяровую эскадру.