Таццяна ІВАНОВА «Зайчык Даўгавушык»
У пералеску, пад маладой алешынай, жыла зайчыная сям’я:
тата, мама і маленькі зайчык Даўгавушык. Як і ўсе маляты, ён быў жвавы, вясёлы, вельмі любіў сваволіць і быць самастой ным. І пры гэтым зусім не хацеў слухацца маму і тату. Толькі надыходзіў час прыбіраць цацкі ў норцы ці класціся спаць — у Даўгавушыка нібы слых знікаў. Просіць тата прыбраць цацкі, а ў зайчыка просьба ў адно вуха ўляцела, а з другога вылецела. Кліча мама рыхтавацца да сну, а Даўгавушык ізноў вухам не вядзе. Просяць апрануцца — холадна на вуліцы! А зайчык зноў не паслухаўся ды пайшоў без шапкі. І здарылася аднойчы бяда: застудзіў Даўгавушык вушкі і сталі яны зусім кепска чуць. Занепакоіліся наўкола. Матуля абмывала іх крынічнай вадой. Тата хутаў вушкі цёплай шапачкай. Лясны доктар Стук-Стук паіў зайчыка гарбатай на лясных шышках. Зазвінела трошкі ў зайчыкавых вушках, але слых не з’явіўся.
Прыскакала тады да Даўгавушыка вавёрка Рудзя, вядомая лясная чараўніца. Прынесла яна трохлістую канюшыну, засушаную ад вясны, — і слых вярнуўся. Зайчык спачатку вушам не паверыў: як здорава чуць усе лясныя гукі!
А Рудзя патлумачыла:
— Паглядзі, Даўгавушык, якія вушкі ў цябе мяккія, прыгожыя, доўгія! Пра зайцоў недарма кажуць: слых на семярых! Гэта значыць, яны заўсёды ўсё чуюць, прыслухоўваюцца да наваколля. Карыстайся вушкамі як след, беражы іх, тады і хварэць яны больш не будуць. З той пары зайчык жыве навастрыў вушы і заўсёды стараецца маму з татам слухацца.
Якія фразеалагізмы пра вушкі вы знайлі ў тэксце? Ці ведаеце вы, у якой сітуацыі яны выкарыстоўваюцца?