Творчасць Васіля Віткі
Ёсць на зямлі
Ёсць на зямлі такі куток,
З якім навек я злучаны,
Адкуль ступіў свой першы крок –
Мая радзіма – Случчына.
Не зводзіліся ўсе вякі
На Случчыне паэты.
Вянкі іх песень – рушнікі,
Сурвэты – іх санеты.
Увекавечыў Слуцак нас
Сваімі паясамі.
А пра цяперашні наш час
Вы ведаеце самі.
Пачуўшы ад старых людзей,
На ўласны смак праверыў –
Няма нічога саладзей
Славутай слуцкай бэры.
А тыя, хто памаладзей,
Перадаюць унукам –
Няма нічога саладзей,
Чым слаўны слуцкі цукар.
Сябры, паверце земляку:
За век свой некароткі
Я ўпэўніўся, што случаку
Увесь наш край салодкі.
Дзіва
Купіў я дачцэ салаўя –
З гліны,
Засушанага,
І ажыла
Птушка мая,
Замове паслушная.
Шапнула дзіця
Слоўка адно –
Пырхнуў салоўка
З хаты ў акно
І заспяваў на волі
У нас
У садку,
У бэзавым голлі.
Трапечацца слова –
Жывое,
Цёплае
У горле птушыным
Гулкаю
Кропляю.
Слухаюць людзі.
А я
У здзіўленні стаю:
Што ты сказала,
Дачушка мая,
Салаўю?
Уцеха
Дзед уцехаю жыве
І ганарыцца славаю.
Тры валасы на галаве,
Затое кучаравыя.
Загадка
Грукнуў волат молатам –
І неба раскалолася:
Сыплецца,
Сыплецца,
Сыплецца золата.