Віктар ГАРДЗЕЙ. Як мядзведзі тату згубілі
Жылі сям’ёй мядзведзі на бары,
І там была мядзведжая бярлога.
Жылі яны ў зялёным гушчары,
Выхоўвалі медзведзянятак строга.
Бурклівы тата не даваў малым
Бяздумна лазіць па дубах высокіх,
Бо вобзем грымнуць можна — во экстрым!
З падвязкай лапка і пабіты бокі.
За вушка зловіць мама, прывядзе
З грады дубовай неслухаў дахаты.
Яшчэ заблудзяцца, дык быць бядзе:
Ім цяжка выжыць у глушы без таты.
Яны і самі прыйдуць начаваць
Пад елкай, зваленай у частых бурах.
Бярлогу зноў сустрэнеш вёрст праз пяць —
Не так і шмат у нас мядзведзяў бурых.
І жураўлі, і выраі гусей,
То ліставей, то зацяжная слота.
Не раз бурклівы тата прынясе
На поспыт ласунам і мёду ў сотах.
Навідавоку факт, чаму ў Патапкі
Так востра пчоламі прапахлі лапкі,
А побач з ім гуляе ў пушчы Хведзік,
Ды гэта добры, ласкавы мядзведзік.
Глядзяць браты: ружовыя плады.
З’явіўся тата — дзічкі паабтрэсаў.
Тут можна жыць! Паляны, мох, груды —
Увосень сферы іхніх інтарэсаў.
Прырода падуладная зіме.
У хатцы ўсе заткнуты мохам дзіркі.
Утульна, цёпла і скавыш не дзьме,
Цяпер ужо гулянні без прыдзіркі.
Ад чырвані рабіны дрэвы гне,
А па арэхі, дык бярыся ў пушчу.
Зімой смактаць без толку лапу ў сне,
Калі замала нагулялі тлушчу.
На схіле — крушня. Камяні ўбакі!
Пад нізам насякомых напаследак:
Жучкі і чарвякі, лічынкі, слімакі —
Спажыўны для мядзведзікаў наедак.
Мядзведзіца як ляжа спаць сама,
Дык не дабудзішся пад гул мяцеліц.
Прыйшла на дзіва ранняя зіма,
І з поўначы вятрыскі наляцелі.
Матуля бачыць: белая зямля,
У схоў вядзе, што тата ім агораў,
І нават абяцае кухталя
За гэты шумны, неспакойны нораў.
Кладзе ў цяплынь разумнікаў сваіх —
Адразу каб у роце з лапай поснай.
Ого! Мядзведзь сівы ў журбе прыціх,
Пытаецца ў яго зусім нязлосна:
— Што ж, не сышоў з бярлогі, гаспадар?
Прысеў у кут і нават закімарыў?
Адзімаваць — ідзі ў глыбокі яр,
Ці схоў шукай сярод былых выгараў.
Ад трыбаў і гасцінцаў убаку
Хаціна іх, а след мядзведзя нечым
На снезе, як і летам на пяску,
Падобны ўсё ж са следам чалавечым.
Мядзведзі дрэмлюць напралёт зіму,
Ці снегапад, ці белая віхура.
Калі ж начамі холадна каму,
Тады мядзведжая сагрэе шкура.
Па гурбах не відаць, што спіць мядзведзь.
Ваўчына тут прыпыніцца з разбегу,
І толькі ў шчылінцы, як дыхаюць ледзь-ледзь,
Пазначыцца кружок падталы снегу.
Патапка лёг, ды праваліўся ў сон,
І Хведзік спіць — нідзе няма нікога.
Так дзень за днём — зіма пай шла на згон,
З-пад снежнай коўдры вылезла бярлога.
Не ў крыўдзе, хоць яно і ў цеснаце,
Абодва туляцца бліжэй да маткі.
У сне і звер, і чалавек расце,
А тут і сонца прыпякае ў пяткі.
Прачнуліся мядзведзікі-браты,
Нязвыкла сплюшчыць напачатку вочы.
— А тата дзе?! — прытулак стаў пусты,
І выгляд у мядзведзікаў сірочы.
Ачулася матуля акурат,
Уцяміла перапалох яскрава:
— Тут блізка тата спіць, нібы магнат,
Прачнецца — прыбяжыць да нас рухава.
Заведзена з гісторыі крутой:
Не стане выхаванне справай дробнай,
Але заўжды мядзведзь стары зімой
Спіць у бярлозе ад сям’і асобна.
Штось па сакрэту ведае Сусвет,
А дзе хто спіць — у нас, мядзведзяў, тайна.
Зіма ў снягах уласна наш сакрэт
Аж да прадвесня зберагае дбайна.
— Ды вось і ён! Прыджгаў адным бягом!
— Як зімаваў? — здалёк пытае мама.
— Залез пад выварацень, у разлом,
А бор, дзе спаў, гарэлы быў таксама.
Вядома, трэба на пачастку мёд.
Патапка рады, як і рады Хведзік.
Глядзі, а выраслі! Але праз год
Яны — ужо дарослыя мядзведзі.