У новы год — з “Вясёлкай”!
Сябры! Да кожнага з в вас завітвае Новы, 2022 год.
Ад самога Дзеда Мароза, ад мамы і таты вы, безумоўна, атрымаеце падарункі. Герой нашага часопіса Вася Вясёлкін таксама віншуе вас з Новым годам.
Жаданне ў яго самае вялікае — каб вы сябравалі з “Вясёлкай”. Ён перадае па сакрэту, што рэдакцыя падрыхтавала для вас шмат цікавых казак, апавяданняў, вершаў, загадак, смяшынак, рэбусаў, галаваломак.
Наступаючы год — юбілейны для “Вясёлкі”. У святочных нумарах настаўніца Ірына Буторына правядзе з вамі ўрокі па творах слынных дзіцячых пісьменнікаў Васіля Віткі, Эдзі Агняцвет, Сяргея Грахоўскага, Артура Вольскага, Рыгора Барадуліна… Мы раскажам вам, якая была “Вясёлка”, калі з ёй сябравалі вашы бабулі, дзядулі, бацькі. А яшчэ мы павандруем па Беларусі і разгадаем тайну назваў нашых гарадоў, пасёлкаў, вёсак. Сябруйце з “Вясёлкай”!
Жадаем вам у новым годзе па-новаму адкрыць нашу Айчыну — любімую, родную Беларусь. Пішыце нам пра свае цікавосткі, дасылайце вершы, апавяданні. Ведайце, рэдакцыя ў канцы года вызначыць сярод вас лаўрэатаў. Яны атрымаюць узнагароды і падарункі.
Ваш Уладзімір Ліпскі, пісьменнік,
лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі,
старшыня рэдкалегіі “Вясёлкі”