Мае дарагія хлопчыкы і дзяўчынкі!
Ухваляю, што вы сябруеце са старэйшым часопісам Беларусі.
Скажу вам па сакрэту, я сам тады-сяды зазіраю на яго старонкі. Падабаецца мне беларуская напеўная мова. І маё вам першае пажаданне: выпісвайце і чытайце “Вясёлку”. Яна багата чаму навучыць вас.
Другое пажаданне. Ніколі і нікога не крыўдзіце. Ані маму з татам, ані вераб’я галоднага, ані дрэўца хілае, ані кветку засмяглую, ані сабаку замёрзлага. Дабро дабром адгукаецца. Трэцяе пажаданне. Вучыцеся старанна, бо вучэнне развівае ваш розум і падможа вам стаць тым, кім вы толькі захочаце.
Чацвёртае пажаданне. Навучыцеся любіць сваю Айчыну, абараняць яе. І яна аддзячыць вам.
Пятае пажаданне. Беражыце і мацуйце сваё здароўе. У здаровым целе — здаровы дух.
Я вам сказаў пажаданняў: раз, два, тры, чатыры, пяць. О, выйшаў зайчык пагуляць. Каля ёлкі шугае, мяне шукае. Айда і вы ў Новы год, у вясёлы карагод!
Беларускі Дзед Мароз,
Палац Рэспублікі, г. Мінск