Мікола МЯТЛІЦКІ
Пятница, 24.12.2021 13:00. Рубрика: Навіны "Вясёлкi"
Ёсць планета
Ёсць у космасе планета
Ля праменнай зоркі,
Што цяплом яе сагрэта,
Дзе світанак золкі.
Дзе блакітам граюць рэкі,
Ззяюць снегам горы.
Дзе лясы шумяць адвеку,
Коцяць хвалі моры.
Дзе бушуюць акіяны
Ці ляжаць у стыні.
Дзе пясчаныя барханы
Узвялі пустыні.
Дзе раскаціста грымоты
Падаюць свой голас
І маланкавай зіхоты
Джала — срэбны волас.
Дзе вулканы пад нябёсы
Попелам шугаюць
І на шчэрбіны-адкосы
Лаваю збягаюць.
Дзе ляжаць ільды сівыя —
Тоўшча ў кіламетры,
І палярнай ноччу выюць
Ледзяныя ветры.
З хваляваннем б’ецца сэрца
Вечна перад ёю,
Бо планета ў нас завецца
Роднаю Зямлёю.